Мінск 17:03

Колькасць кантрактнікаў ва Узброеных сілах павялічылася за тры гады ў паўтара раза — Генштаб

Фота: прэс-служба Міністэрства абароны

1 сакавіка, Позірк. Колькасць вайскоўцаў-кантрактнікаў ва Узброеных сілах Беларусі павялічылася ў паўтара раза за тры гады, паведаміў кансультант аддзела прызыву на вайсковую службу галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення Генеральнага штаба УС Андрэй Мурашоў.

“У апошнія гады назіраецца рост колькасці маладых людзей, якія абралі вайсковую службу па кантракце. Статыстыка гэта пацвярджае”, — цытуе яго “СБ. Беларусь сёння”.

Мурашоў заявіў, што “падзеі, звязаныя з узброеным канфліктам ва Украіне, у цэлым не паўплывалі на мерапрыемствы прызыву, яны як праходзілі ў планавым парадку, так і праходзяць”.

З 2014 года, паводле яго слоў, на вайсковую службу па кантракце прымаюць не толькі грамадзян, якія маюць нейкі ваенны вопыт, але і маладых людзей з ліку прызыўнікоў: “У кожнага ёсць выбар: або яму ў адпаведнасці з узроўнем сваёй адукацыі адслужыць тэрміновую вайсковую службу, знаходзячыся ў казарме, або заключыць да прызыву на тэрміновую ваенную службу кантракт на 24 месяцы, але пры гэтым знаходзіцца дома”.

“Гэта значыць, у кантэксце апошніх падзей людзі не толькі не спалохаліся, але і ўсвядомілі, што вучыцца вайсковай справе — гэта сапраўды жыццёвая неабходнасць. І ўся вайскова-палітычная абстаноўка вакол Беларусі цяпер спрыяе фарміраванню ў людзей адпаведнага светапогляду”, — заявіў Мурашоў.

Улады Беларусі будуць “больш актыўна ствараць кантрактнае войска”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 1 жніўня падчас наведвання Камянецкага раёна (Брэсцкая вобласць).

“Мы прыглядаемся да гэтага досведу, каб у будучыні сябе абараніць. Толькі ў гэтым наша мэта”, — сказаў ён.

Колькасць Узброеных сіл Беларусі складае каля 65 тыс.чалавек. Актуальных дадзеных аб тым, колькі з іх служыць па кантракце, няма. Некалькі гадоў таму дзяржаўныя СМІ паведамлялі, што на кантрактнай аснове служыць 5–7 тыс. салдат і сяржантаў.

У лютым 2022 года Расія здзейсніла поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Афіцыйны Мінск садзейнічае Маскве ў агрэсіі супраць украінскага народа.

Падзяліцца: