Мінск 15:22

За месяц плынь нелегальных мігрантаў з Беларусі ў ЕС вырасла амаль у пяць разоў

Мігранты на мяжы Беларусі і ЕС
Архіўнае фота: Дзяржпагранкамітэт

1 сакавіка, Позірк. За мінулыя суткі, 29 лютага, краіны Еўрапейскага саюза прадухілілі 64 спробы незаконнага пранікнення мігрантаў з боку Беларусі (днём раней — 26), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз статыстыкі памежных ведамстваў гэтых дзяржаў.

Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы не зафіксавала выпадкаў парушэння мяжы з беларускай тэрыторыі (за дзень да гэтага — аналагічна), Дзяржаўная памежная ахова Латвіі задакументавала два (суткамі раней — 20).

Паводле інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, за мінулыя суткі мяжу з боку Беларусі спрабавалі перасекчы 62 замежнікі (6).

Ад пачатку года краіны Еўрасаюза спынілі 554 спробы незаконнага перасячэння мяжы: у студзені — 96, лютым — 458. Такім чынам, плынь нелегалаў з Беларусі ў ЕС за месяц вырасла у 4,8 раза. Актыўнасць замежнікаў, што спрабавалі трапіць у Польшчу, за гэты час павялічылася ў 4,1 раза (з 87 спробаў у студзені да 356 у лютым), Літву — у 6,8 (з 4 да 27), Латвію — у 15 (з 5 да 75).

Разам з тым у гадавым вымярэнні колькасць мігрантаў, якія імкнуліся незаконна трапіць з Беларусі ў ЕС, у лютым знізілася ў 4,3 раза (458 супраць 1970), у студзені — лютым — у 7,1.

У 2023 годзе было прадухілена 42.078 спробаў незаконнага перасячэння мяжы з боку Беларусі (Польшча — 25.571, Латвія — 13.863, Літва — 2.644), у 2022-м — 31.892 (Польшча — 15.655, Латвія — 5.026, Літва — 11.211). Агульны рост склаў 31,9% (на польскім напрамку — у 1,6 раза, латвійскім — у 2,8 раза; на літоўскім зафіксавана зніжэнне ў 4,2 раза).

Статыстыка, выведзеная “Позіркам” на падставе штодзённых даных, сведчыць, што напружанасць на мяжы Беларусі і ЕС вагаецца. Да канца 2023 года і ў студзені 2024-га яна прыкметна знізілася, у лютым ізноў пачала ўзрастаць.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года.

Падзяліцца: