Мінск 00:15

Абвінавачаны ў выбухах у Бураціі беларус Ерамееў знаходзіцца ў маскоўскім ізалятары “Лефортава”

Фота: "Краіна для жыцця" / "Позірк" (калаж)

1 сакавіка, Позірк. Былы працаўнік наваполацкага прадпрыемства “Нафтан” (Віцебская вобласць) Сяргей Ерамееў, абвінавачаны ў выбухах на чыгунцы ў Бураціі (РФ), знаходзіцца ў маскоўскім следчым ізалятары “Лефортава”, паведаміў 1 сакавіка фонд “Краіна для жыцця” (КДЖ).

Чакаецца, што найбліжэйшым часам да мужчыны паспрабуе трапіць адвакат.

13 лютага КДЖ, фонды салідарнасці BySol і By_Help, праваабарончая ініцыятыва Dissidentby выступілі з сумеснай заявай, у якой запатрабавалі “паказаць Ерамеева і паведаміць яго месцазнаходжанне”.

7 снежня 2023 года ФСБ Расіі паведаміла пра затрыманне ў Омскай вобласці грамадзяніна Беларусі — 52-гадовага жыхара Наваполацка Сяргея Ерамеева — паводле падазрэння ў здзяйсненні тэракту.

Ведамства сцвярджала, што ён “даў прызнальныя паказанні пра вынятак па заданні грамадзяніна Беларусі 1981 г.н., што пражывае ў Літве і дзейнічае пад кантролем украінскіх спецслужбаў, са схованкі васьмі выбуховых прылад, дастаўцы іх на асабістым аўтамабілі ў Бурацію і закладцы на цыстэрнах грузавых цягнікоў”.

Паведамлялася, што “затрыманы падарваў саставы з нафтапрадуктамі, якія рухаліся па маршрутах Тайшэт — Тында і Тайшэт — Нярунгры, 29 і 30 лістапада ў Бураціі”. “Калі яны праходзілі па Паўночнамуйскім тунэлі і абводным шляху Байкала-Амурскай магістралі, спрацавалі закладзеныя выбуховыя прыстасаванні, што стала прычынай узгарання цыстэрнаў з гаруча-змазвальнымі матэрыяламі”, — гаварылася ў заяве спецслужбы.

Ерамееў паведаміў, што хацеў паралізаваць рух на чыгунцы: “Я напісаў у тлумачэнні, што праз БАМ зараз вязуць боепрыпасы… Галоўная мэта была перашкодзіць руху”.

Мужчыну абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 205 КК РФ (тэрарыстычны акт).

На “Нафтане” Ерамееў працаваў прыбарыстам кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі. У 2020 годзе ўдзельнічаў у забастоўцы на прадпрыемстве.

Падзяліцца: