Мінск 13:22

На фоне бесперапынных рэпрэсій Лукашэнка сцвярджае, што грамадзяне “цалкам давяраюць” міліцыі

Канцэрт на Дзень міліцыі ў Мінску (1 сакавіка 2024 года)
Фота: прэс-служба МУС

4 сакавіка, Позірк. “Нашы грамадзяне цалкам давяраюць вам і ведаюць, што беларускі міліцыянер заўсёды з гонарам выконвае свае абавязкі і ў любую хвіліну гатовы прыйсці на дапамогу”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 4 сакавіка супрацоўнікаў і ветэранаў органаў унутраных спраў са 107-й гадавінай з дня ўтварэння міліцыі.

У пасланні, апублікаваным прэс-службай віншавальніка, сцвярджаецца, што “органы ўнутраных спраў і ў святы, і ў будні самаадданай працай і мэтанакіраваным служэннем закону забяспечваюць правапарадак у краіне, робячы ўсё магчымае”, каб народ Беларусі “жыў у спакоі, міры і згодзе”.

“Ваша небяспечная і цяжкая прафесія патрабуе ад кожнага штодзённых рашучасці, мужнасці і адвагі, бескампраміснай жорсткасці да злачынцы і вялікай дабрыні да тых, хто мае патрэбу ў абароне”, — адзначыў Лукашэнка.

“Асаблівую ўдзячнасць” ён выказаў жанчынам-міліцыянерам, якія “нароўні з мужчынамі нясуць усе нягоды нялёгкай службы”, а таксама маці супрацоўнікаў і іх жонкам, якія “забяспечваюць надзейны тыл і ўсяляк падтрымліваюць сваіх любімых мужчын у іх няпростым прафесійным выбары”.

Пра “ўсяцэлы давер” да міліцыі Лукашэнка заявіў у сітуацыі, калі ў краіне больш за тры гады не спыняюцца рэпрэсіі, адбываецца масавая палітычна матываваная эміграцыя. У месцах няволі знаходзіцца 1.407 чалавек, якім праваабаронцы надалі статус палітвязняў. Цэнтру “Вясна” вядома не менш за 4.500 асуджаных па палітычна матываваных крымінальных справах, аднак колькасць людзей, якія падвергліся палітычнаму пераследу ў той ці іншай форме, значна большая.

Міліцэйскі гвалт, які зазналі затрыманыя ўдзельнікі мірных пратэстаў у 2020 годзе і пазней, не атрымаў прававой ацэнкі, крымінальныя справы ў дачыненні да сілавікоў не былі заведзены.

Кіраўнік МУС Іван Кубракоў за дачыненне да рэпрэсій трапіў пад абмежавальныя меры шэрагу дэмакратычных краін. Персанальныя санкцыі супраць яго ўвялі Латвія, Літва, Эстонія, Украіна, Японія, ён фігуруе ў агульных санкцыйных спісах Еўрасаюза, Вялікабрытаніі, ЗША, Канады, Швейцарыі ды інш.

Падзяліцца: