Мінск 09:04

У лютым паводле палітычных матываў асуджана не менш за 129 чалавек — “Вясна”

Крыніца: "Вясна"

7 сакавіка, Позірк. У лютым 2024 года колькасць грамадзян Беларусі, якія падвергнутыя рэпрэсіям у судовым парадку і асуджаныя ў рамках крымінальнага судаводства, паводле папярэдніх звестак, склала 129 чалавек, 46 з іх — жанчыны, гаворыцца ў аглядзе праваабарончага цэнтра “Вясна”.

Адзначаецца масавы пераслед, які працягваецца за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе: у 73 чалавек (68 з іх у Мінску) са 129 у абвінавачанні быў або адзін артыкул 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), альбо ж яна мелася ў абвінавачанні нараўне з іншымі артыкуламі. На момант публікацыі праваабаронцам удалося пацвердзіць 13 прысудаў.

80 з 129 згаданых фігурантаў асуджаныя судамі горада Мінска, па 12 чалавек — судамі Гомельскай і Брэсцкай абласцей. Далей ідуць Гродзенская (9), Мінская (7), Магілёўская (5) і Віцебская (4) вобласці.

Працягнуўся практыка завочных і “таемных” (без прадастаўлення вычарпальнай інфармацыі ў раздзеле “Электроннае судаводства. Расклад судовых пасяджэнняў” на афіцыйным сайце Вярхоўнага суда) судовых пасяджэнняў, паўторных судоў, пераследу за донаты, удакладнілі праваабаронцы.

“Пад каток крымінальнага пераследу ў судах патрапілі не менш за сем сямейных пар або груп сваякоў”, — адзначаецца ў аглядзе.

У студзені паведамлялася пра мінімум 120 асуджаных паводле палітычных матываў, у снежні мінулага года — 161.

Падзяліцца: