Мінск 11:21

Суседнічаць з мігрантамі з Беларусі не жадае 18% літоўцаў, працаваць — 12%, сведчыць апытанне

Вільнюс
Фота: wikimedia.org / Sergiy Galyonkin

13 сакавіка, Позірк. Бачыць беларускіх эмігрантаў сваімі суседзямі і калегамі не жадае адносна невялікая частка літоўцаў, сведчаць вынікі апытання, прадстаўленыя няўрадавай арганізацыяй “Група развіцця разнастайнасці” (DDG) і аддзелам этнічных даследаванняў Інстытута сацыялогіі Літоўскага цэнтра сацыяльных навук (LSMC).

У сацыялагічным даследаванні “Стаўленне літоўскага грамадства да розных сацыяльных, этнічных, рэлігійных груп і груп мігрантаў”, якое праводзілася 16–27 лістапада 2023 года, удзельнічала 1.018 рэспандэнтаў — жыхароў 33 гарадоў і 42 вёсак Літвы. Хібнасць у межах 3,1%.

Пра нежаданне бачыць сваімі суседзямі ўцекачоў з Украіны заявіла 12% удзельнікаў апытання, мігрантаў з Беларусі — 18%, людзей, што не валодаюць літоўскай мовай, — 22%, мігрантаў з Расіі — 35%. Акрамя таго, не хацела б жыць па суседстве з гомасэксуаламі 54% рэспандэнтаў, з людзьмі з псіхічнымі адхіленнямі — 65%.

Працаваць разам з расіянамі не згодна 26% удзельнікаў апытання, беларусамі — 12%, украінцамі — 8%.

Адметна, што пра замежнікаў — палітычных уцекачоў у Літве са СМІ даведалася 59% апытаных, а асабіста знаёмы з імі толькі 1%.

На рост колькасці ўцекачоў у Літве так ці інакш паказала 87% апытаных (згодна з тым, што колькасць павялічваецца з кожным годам, 53%, хутчэй згодна, чым не, — 34%), з тым, што краіна больш не можа іх прымаць, у той ці іншай меры пагадзілася 79% (упэўнена ў гэтым 43%, хутчэй згодна — 36%).

У тым, што мігранты спрыяюць росту злачыннасці, упэўнена 43% удзельнікаў апытання, хутчэй упэўнена, чым не, — 40%.

З тым, што ўцекачы могуць выклікаць сацыяльныя хваляванні ў Літве, згодна 33% рэспандэнтаў, хутчэй згодна, чым не, — 45%.

Не хацела б бачыць дзяцей мігрантаў у адной школе са сваімі дзецьмі 33% апытаных (сцвярджальна на адпаведнае пытанне адказала 12%, хутчэй сцвярджальна — 21%).

Падзяліцца: