Мінск 11:07

З загінулай пасля згвалтавання беларускай развіталіся ў Варшаве (дапоўнена)

Пахаванне Лізаветы Герцан у Варшаве (14 сакавіка 2024 года)
Фота: "Позірк"

14 сакавіка, Позірк. З загінулай пасля згвалтавання беларускай Лізаветай Герцан развіталіся 14 сакавіка ў Варшаве. Яе пахавалі на Паўночных камунальных могілках у польскай сталіцы.

Развітацца з загінулай прыйшло каля 70 чалавек. Акрамя родных і блізкіх, прысутнічалі не знаёмыя з ёй пры жыцці людзі, у тым ліку актывісткі фемінісцкага руху з Беларусі і Украіны, праваабаронцы, прадстаўнікі ініцыятывы “Хрысціянская візія”, палітык Зянон Пазьняк з жонкай Галінай.

Цырымонію правялі на польскай і рускай мовах. Ніхто з прысутных не браў слова.

“Большасць з нас, якія стаяць тут, не ведала Лізу асабіста. Але мы пазналі ў ёй нашых сясцёр, нашых дачок, нашых сябровак. Мы ўбачылі ў ёй сябе”, — сказалі вядоўцы.

“Перад тварам такой вялікай трагедыі нашыя сэрцы напаўняюцца адчаем. Мы сутыкаемся з тым, што зусім нам не падуладна, з тым, што немагчыма кантраляваць. На яе месцы магла апынуцца любая з нас, — зачыталі яны. — Смерць Лізы стала штуршком да цэлага шэрагу падзей і крокаў. Мы дамагаемся змены заканадаўства, праводзім маршы салідарнасці з Лізай, прысвячаем ёй дзясяткі артыкулаў”.

Вядоўцы распавялі пра дзяцінства Герцан, назваўшы яго цяжкім, узаемаадносінах з бацькамі, якія “не давалі рады сваім абавязкам”, і дзіцячых марах, якія яны абмяркоўвалі са старэйшым братам.

Загінулая, паводле іх слоў, пераехала ў Варшаву незадоўга да пачатку пандэміі каранавіруса ў 2020 годзе, тут пазнаёмілася са сваім маладым чалавекам. У апошнія гады яны актыўна вандравалі.

Святар Польскай праваслаўнай царквы прачытаў малітву.

1 сакавіка грамадзянка Беларусі Лізавета Герцан, якая 25 лютага зведала згвалтаванне і спробу забойства ў цэнтры Варшавы, памерла ў бальніцы.

Пасля нападу дзяўчына так і не прыйшла ў прытомнасць, увесь гэты час яна была падлучаная да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх у аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі адной з варшаўскіх клінік.

Па справе аб нападзе затрыманы 23-гадовы мужчына. Ён арыштаваны на тры месяцы.

Трагедыя выклікала вялікі грамадскі рэзананс як у Беларусі, гэтак і ў Польшчы. Некалькі тысяч чалавек 6 сакавіка ўзялі ўдзел у вулічнай акцыі памяці загінулай.

На арганізацыю пахавання Лізаветы было сабрана больш за 110 тыс. злотых (звыш 28 тыс. долараў).

Падзяліцца: