Мінск 19:34

Алейнік анансаваў падпісанне “комплекснай дарожнай карты” супрацоўніцтва з Манголіяй

Крыніца: rgdb.ru

15 сакавіка, Позірк. “Шэраг новых напрамкаў двухбаковага супрацоўніцтва” з Манголіяй назваў па выніках візіту ва Улан-Батар міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік.

Стэнаграму яго “падыходу да прэсы” апублікавала 15 сакавіка прэс-служба знешнепалітычнага ведамства.

Паводле слоў Алейніка, “абмяркоўваюцца і прадметна прапрацоўваюцца” пытанні паставак у Манголію беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання, камунальных і дарожна-рамонтных машын, тэхнікі для ліквідацый надзвычайных сітуацый, ліфтавага абсталявання, кар’ернай тэхнікі, а таксама “поўны цыкл стварэння высакакласных і высокаэфектыўных сельскагаспадарчых вытворчых комплексаў, спецыяльна адаптаваных пад патрэбы мангольскіх заказчыкаў”.

Кіраўнік МЗС адзначыў “рост зацікаўленасці мангольскіх спажыўцоў у таварах, уключаючы <…> прадукты харчавання”. “Таму разам з праектамі кааперацыйнай накіраванасці мы абмяркоўваем магчымасць адкрыцця спецыялізаваных гандлёвых пляцовак як у Мінску, так і ва Улан-Батары”, — заявіў чыноўнік.

Найбліжэйшым часам, паводле яго слоў, будзе “паскораная праца” над канчатковым узгадненнем і падрыхтоўкай да падпісання “каля 10 двухбаковых дакументаў”. Яны закрануць вобласці “сельскай гаспадаркі, адукацыі, міжвузаўскага супрацоўніцтва, надзвычайных сітуацый, супрацоўніцтва паміж праваахоўнымі органамі, навуковымі ўстановамі”.

Акрамя таго, дадаў Алейнік, бакі дамовіліся “падрыхтаваць, узгадніць і ў бліжэйшы час падпісаць комплексную дарожную карту двухбаковага супрацоўніцтва на 2024–2026 гады”.

Адносіны Беларусі і Манголіі, на думку кіраўніка знешнепалітычнага ведамства, “значна шырэйшыя за эканоміку”.

“Мы намецілі шэраг новых напрамкаў супрацоўніцтва ў галіне выбудоўвання адносін паміж маладзёжнымі арганізацыямі нашых дзвюх краін, жаночымі саюзамі нашых дзвюх краін, аналітычнымі цэнтрамі нашых дзвюх краін”, — сказаў Алейнік.

Беларусь, сцвярджае ён, зацікаўленая ў цесным супрацоўніцтве з Манголіяй “у многіх гуманітарных галінах, у галіне адукацыі, культуры, СМІ, спорту, турызму”. “Мы ўжо намецілі шэраг праектаў, рэалізацыя якіх сур’ёзна прасуне нас наперад па гэтых напрамках. Асабліва ў сферы адукацыі ў святле тых маштабных дзяржаўных праграм, якія на сённяшні дзень ажыццяўляюцца ў Манголіі. Уключаючы праграму “Мільярд дрэў”, якая патрабуе спецыяльнай падрыхтоўцы работнікаў у галіне лясной гаспадаркі”, — удакладніў кіраўнік беларускай дыпламатыі.

Паведамляецца, што па выніках перамоваў Алейнік запрасіў у Беларусь з візітам “у другой палове гэтага года” міністра замежных спраў Манголіі Батмунхійн Батцэцэг.

Беларуская дэлегацыя на чале з Алейнікам наведвае Улан-Батар 15–16 сакавіка.

Адзначаецца, што ў склад дэлегацыі ўвайшлі кіраўнікі Міністэрства прамысловасці, Міністэрства харчавання і сельскай гаспадаркі, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, прамысловых прадпрыемстваў і “прадстаўнікі цэлага шэрагу суб’ектаў гаспадарання і арганізацый”.

Пасольства Беларусі ў Манголіі было адкрыта 30 чэрвеня 2014 года, пасольства Манголіі ў Беларусі пачало працаваць толькі 21 мая 2020 года.

Паводле звестак беларускага дыпламатычнага прадстаўніцтва, тавараабарот паміж дзвюма краінамі ў 2021 годзе склаў 43 млн 554,9 тыс. долараў. Пры гэтым з Беларусі ў Манголію было пастаўлена прадукцыі на 43 млн 540,1 тыс., а з Манголіі ў Беларусь — усяго на 14,8 тыс.

Даныя па гандлі за 2022 і 2023 гады не апублікаваныя.

Падзяліцца: