Мінск 17:37

СМІ: У НАТО пацвердзілі размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі

Крыніца: Федэрацыя амерыканскіх навукоўцаў

15 сакавіка, Позірк. Расія перамясціла тактычную ядзерную зброю (ТЯЗ) ад сваіх межаў у Беларусь, “на некалькі сотняў міль бліжэй да тэрыторыі НАТО”, паведаміла 14 сакавіка амерыканскае выданне Foreign Policy.

Са спасылкай на “заходніх чыноўнікаў” сцвярджаецца, што гэта адбылося, бо “расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін пагражае больш шырокімі вайсковымі сутыкненнямі з альянсам праз яго сталую падтрымку Украіны”.

Паведамляецца, што міністр абароны Літвы Арвідас Анушаўскас быў “першым высокапастаўленым чыноўнікам у НАТО, які пацвердзіў навіну аб разгортванні сіл”.

Выказаўшы меркаванне, што “рызыкі бяздзейнасці высокія”, ён адзначыў “млявую рэакцыю Захаду на перамяшчэнне Расіяй большай колькасці ядзернай зброі ў Калінінградскую вобласць, якая мяжуе з Польшчай і Літвой”.

“Мы хацелі б убачыць больш жорсткую рэакцыю на гэта, — падкрэсліў Анушаўскас. — Калі <…>  расіяне наблізяць да нас ядзерную зброю, нам таксама давядзецца пасунуцца”.

У сваю чаргу Федэрацыя амерыканскіх навукоўцаў (FAS), спасылаючыся на ўцечку дакументаў са справаздачы ЦРУ, заявіла пра “нядаўнюю мадэрнізацыю вайсковага склада ў цэнтральнай Беларусі”.

Паводле інфармацыі FAS, тэрыторыя склада была абсталявана “дадатковымі перыметрамі бяспекі і кропкай доступу на яго верагоднае прызначэнне для размяшчэння расійскіх ядзерных боегаловак для пастаўленых Беларусі ракетных установак “Іскандэр”.

“Мадэрнізаваны корпус размешчаны ўнутры існуючага ваеннага склада на ўсход ад горада Асіповічы, — паведамляе FAS. — Уцечка дакументаў на Discord паказала, што ў лютым 2023 года ЦРУ паведаміла пра “высокапастаўленага афіцэра Міністэрства абароны Расіі, які праінспектаваў аб’ект у ваколіцах Асіповічаў на прадмет магчымай мадэрнізацыі для выкарыстання ў якасці сховішча ядзерных боегаловак у Беларусі”.

Адзначаецца, што на спадарожнікавым здымку, прадстаўленым кампаніяй Maxar Technologies, бачная частка дэпо каля Асіповічаў якая была з тых часоў таксама мадэрнізаваная і абсталяваная перыметрам бяспекі з чатырох агародж і крытай ахоўнай кропкай доступу. У абноўленым дэпо “Асіповічы” перыметр аховы павялічаны ў чатыры разы.

На спадарожнікавых здымках відаць, што будаўніцтва аб’екта пачалося “прыкладна падчас меркаванага візіту высокапастаўленага расійскага чыноўніка”. Сцвярджаецца, што “мадэрнізацыя прасоўвалася павольна, з першапачатковым будаўніцтвам двухузроўневага перыметра бяспекі”.

“Гэтага было б недастаткова для захоўвання ядзерных боегаловак, — мяркуе FAS. — У кастрычніку 2023 года пачалося будаўніцтва новага перыметра ўнутры існуючага перыметра бяспекі, а на здымку Maxar, зробленым у канцы студзеня 2024 года, відаць, што агулам маецца чатыры перыметры бяспекі”.

Пры гэтым “у канструкцыі дадатковых перыметраў бачныя значныя паглыбленні для пракладкі кабеляў і розных датчыкаў”, “дрэвы ў межах новага ўнутранага перыметра таксама былі высечаныя прыкладна на 20 метраў ад агароджы”.

“Калі гэта так, то гэтыя мадэрнізацыі будуць больш нагадваць узровень фізічнай абароны, які расійскія ўлады запатрабуюць для захоўвання ядзернай зброі”, — робіць выснову FAS.

4 лютага начальнік узбраення Узброеных сіл Андрэй Федзін заявіў, што размяшчэнне ў Беларусі расийскай тактычнай ядзернай зброі з’яўляецца “вельмі важкім фактарам стратэгічнага стрымлівання”.

25 снежня 2023 года Аляксандр Лукашэнка, адказваючы ў Санкт-Пецярбургу на пытанні журналістаў перад пасяджэннем Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета заявіў, што тактычная ядзерная зброя дастаўленая з Расіі ў Беларусь “даўно”, “апошняя пастаўка” адбылася на пачатку кастрычніка.

РФ заяўляе, што будзе кантраляваць ТЯЗ на беларускай тэрыторыі.

Падзяліцца: