Мінск 06:17

Сілавікі разграмілі кватэру анархіста Рамана Халілава і яго маці-палітзняволенай

Скрыншот: тэлеграм-канал, набліжаны да МУС

17 сакавіка, Позірк. Супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцый (ГУБАЗіК) МУС разграмілі кватэру актывіста анархічнага руху Рамана Халілава і яго маці Гаянэ Ахціян. Адпаведнае відэа апублікаванае ў адным з набліжаных да сілавых структур тэлеграм-канале.

Кватэра знаходзіцца ў Полацку (Віцебская вобласць).

Назваўшы разгром “рубрыкай “Кватэрнае пытанне”, сілавікі выламалі дзверы ў кватэру, зламалі мэблю, раскідалі рэчы.

Халілаў пакінуў Беларусь у 2019 годзе праз пагрозу палітычнага пераследу.

Гаянэ Ахціян 12 красавіка 2022 года асуджаная судом Фрунзенскага раёна Мінска на тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Прызнаная палітзняволенай. Пасля абвяшчэння прысуду пакінула Беларусь.

26 лістапада 2021 года сілавікі выламалі дзверы полацкай кватэры Ахціян і правялі ператрус. У той жа дзень жанчыну затрымалі, яе арыштавалі на 10 сутак паводле арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі). Пазней у межах крымінальнай справы яе абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

6 верасня 2022 года Мінскі гарадскі суд прыгаварыў дзесяцёх палітзняволеных фігурантаў “справы анархістаў” да доўгіх тэрмінаў пазбаўлення волі.

Праваабаронцу Марфу (Марыю) Рабкову прыгаварылі да 15 гадоў пазбаўлення волі, Аляксандра Францкевіча — да 17, Акіхіру Гаеўскага-Ханаду — да 16, Аляксея Галаўко — да 12, Паўла Шпетнага, Мікіту Дранца, Аляксандра Казлянко, Андрэя Чапюка — да шасці, Андрэя Марача, Данііла Чуля — да пяці.

Таксама суд абавязаў выплаціць штраф у памеры 22.400 рублёў кожнага (Францкевіч, Гаеўскі-Ханада, Рабкова, Галаўко), па 16.000 рублёў кожнага (Шпетны, Дранец, Казлянка, Чапюк, Марач, Чуль).

Палітвязняў абвінавачвалі ў арганізацыі, кіраўніцтве або ўдзеле ў анархісцкіх групах (“Рэвалюцыйнае дзеянне”, “Народная самаабарона”, “Революційна дія”), іх судзілі па розных эпізодах, якія адносяцца да 2016–2020 гадоў. Матэрыялы справы складалі 160 тамоў, абвінавачванне было прад’яўлена па дзесяці артыкулах КК.

У студзені 2022 года Следчы камітэт паведаміў, што ў асобную вытворчасць выдзеленая крымінальная справа “кіраўнікоў і ўдзельнікаў злачыннай арганізацыі і яе структурных падраздзяленняў 26-гадовага Ляўчука Дзмітрыя, 24-гадовага Кандратовіча Артура, 29-гадовых Халілава Рамана і Жураўскага Яўгена, якія маюць беларускае грамадзянства”.

Падзяліцца: