Мінск 14:48

Украіна выйшла з пагаднення з Беларуссю аб чыгуначным транспарце

Ілюстратыўнае фота: pixabay.com

18 сакавіка, Позірк. Украіна спыніла дзеянне міжурадавага пагаднення з Беларуссю аб дзейнасці чыгуначнага транспарту, паведаміў у сваім тэлеграм-канале прадстаўнік Кабінета міністраў у Вярхоўнай радзе Тарас Мельнічук.

Дакумент быў падпісаны 17 снежня 1992 года у Кіеве на той падставе, што бакі лічылі важным захаваць “тэхналагічнае адзінства чыгуначнай транспартнай сеткі”, а таксама прызнавалі значэнне “каардынацыі і сумеснай дзейнасці чыгуначнага транспарту”.

Мельнічук таксама паведаміў, што ўрад “у сувязі з карэннай зменай абставін” ўхваліў праект закона аб дэнансацыі міжурадавага пагаднення з Беларуссю “аб супрацы ў галіне прадухілення надзвычайных сітуацый і ліквідацыі іх наступстваў”. Гэты дакумент бакі падпісалі адносна нядаўна — 7 ліпеня 2020 года.

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, у якой Беларусь падтрымлівае Расію, Кіеў і Мінск скасавалі шмат дагавораў аб двухбаковай супрацы.

22 снежня 2023 года Вярхоўная рада Украіны ўхваліла законапраект аб спыненні дзеяння міжурадавага пагаднення з Беларуссю аб свабодным гандлі.

29 лістапада таго ж года Беларусь заявіла пра спыненне дзеяння пагаднення аб узаемным пераводзе і выплаце пенсій (Украіна дэнансавала гэта пагадненне за паўгода да таго — 29 траўня).

19 верасня 2023 года абедзве палаты парламента прынялі, а Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон “Аб прыпыненні дзеяння пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Украінай аб рэгуляванні працэсу перасялення і абароне правоў перасяленцаў і членаў іх сем’яў”. Дакумент быў падрыхтаваны “ў рамках мер у адказ на недружалюбныя дзеянні Украіны ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь”, яго рэалізацыя нібыта “будзе садзейнічаць абароне нацыянальных інтарэсаў” Беларусі.

Падзяліцца: