Мінск 13:29

У Латвіі заблакаваны сайты беларускіх дзяржСМІ ont.by і sb.by

Скрыншот з сайта sb.by

18 сакавіка, Позірк. Нацыянальная рада па электронных СМІ Латвіі (NEPLP) закрыла доступ да дзевяці сайтаў, якія “распаўсюджваюць расійскую прапаганду”, паведамляе Delfi.lv.

Сярод іх сайты беларускага дзяржаўнага тэлеканала АНТ (ont.by) і выдавецкага дома “Беларусь сегодня” (sb.by, заснавальнік — адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі).

Рашэнне аб закрыцці доступу заснавана на тым, што гэтыя сайты выкарыстоўваюцца “для падтрымкі агрэсіўнай расійскай прапаганды”, на іх “распаўсюджваецца скажоная і ілжывая інфармацыя аб вайне Расіі супраць Украіны, і аб ваенных злачынствах, учыненых Расіяй, з мэтай іх апраўдання, распаўсюджваюцца “ненавісніцкія”. выказванні і інфармацыя, якая дыскрэдытуе Латвію і НАТО”.

“Атрыманне такой інфармацыі можа выклікаць у часткі насельніцтва трывогу і страх за існаванне сваёй дзяржавы, за ўласную будучыню, за будучыню сваёй сям’і, а таксама расколваць грамадства”, — гаворыцца ў заяве NEPLP.

Падкрэсліваецца, што сайты змяшчаюць дэзінфармацыю, што “можа прывесці да ўзнікнення і актывізацыі арганізацый, якія падтрымліваюць радыкальныя ідэі, а таксама іх супернікаў, што не выключае магчымасці пратэстаў розных груп унутры краін і тым самым уплывае на грамадскі парадак і бяспеку людзей, а таксама на бяспеку дзяржавы ў цэлым”.

Падзяліцца: