Мінск 08:10

СК Беларусі і наркакантроль РФ абмеркавалі барацьбу з трансгранічнай злачыннасцю

Ілюстратыўнае фота: vk.com/sledcomrb

18 сакавіка, Позірк. На сустрэчы прадстаўнікоў Следчага камітэта Беларусі і Следчага дэпартамента, а таксама Галоўнага ўпраўлення па кантролі за абаротам наркотыкаў МУС РФ (ГУНК), якая адбылася 18 сакавіка ў Мінску, бакі вызначылі “канкрэтныя мерапрыемствы” па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў, паведамляе прэс-служба СК.

Прадстаўнікі ведамстваў абмеркавалі “алгарытм дзеянняў пры расследаванні крымінальных спраў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, у рамках <…> пастановы аб стварэнні сумеснай следча-аператыўнай групы”.

“Яно прадугледжвае правядзенне рэалізацый і следчых-аператыўных дзеянняў, накіраваных на барацьбу з трансгранічнай нарказлачыннасцю”, — удакладняецца ў рэлізе.

Абмеркаваны “практыкі прымянення крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага заканадаўства ў сферы незаконнага абароту наркотыкаў”, а таксама “акрэслілі перспектывы далейшага супрацоўніцтва паміж ведамствамі пры процідзеянні нарказлачыннасці”.

“Асаблівую ўвагу <…> надалі ходу расследавання крымінальных спраў у сферы незаконнага абароту наркотыкаў і вызначылі канкрэтныя мерапрыемствы, накіраваныя на выкрыцьцё і прыцягненне да крымінальнай адказнасці членаў міжнародных злачынных груп, якія маюць дачыненне да незаконнага абароту наркотыкаў у Беларусі і Расіі”, — гаворыцца ў паведамленні.

“Сучасная нарказлачыннасць мае транснацыянальны характар”, а “скаардынаванае выкарыстанне механізмаў міжнароднага супрацоўніцтва спрыяе рэалізацыі задач крымінальнага працэсу”, адзначыў намеснік старшыні СК Анатоль Васільеў.

У Беларусі ў 2023 годзе на 9,61% (з 2.467 да 2.230) скарацілася колькасць асуджаных па артыкулах, звязаных з незаконнымі дзеяннямі ў дачыненні да наркотыкаў, вынікае са статыстыкі, апублікаванай 20 лютага прэс-службай Вярхоўнага суда.

Значная частка (2.102, або 94,26%) прыгаворана па арт. 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў) — годам раней 2.383, або 96,6%.

Да рэальнага пазбаўлення волі за незаконны абарот наркотыкаў без мэты збыту (ч. 1 арт. 328 КК) асуджана 254 чалавекі, або 19,8% (у 2022-м — 249, 17,8%).

Падзяліцца: