Мінск 19:11

Апублікаваны спіс аўто прэміум-класа, на якія прапанаваны павышаны падатак

Ілюстратыўнае фота: getwallpapers.com

18 сакавіка, Позірк. Міністэрства па падатках і зборах растлумачыла парадак вылічэння транспартнага падатку на аўтамабілі прэміум-класа, вызначаным урадам як “транспартныя сродкі павышанай камфортнасці” (ТСПК), з года выпуску якіх прайшло не больш за тры гады, паведамляе ведамства.

У лісце ад 14 сакавіка МПЗ нагадала арганізацыям-плацельшчыкам транспартнага падатку, што “пачынаючы з 2024 года ў адпаведнасці з п. 11 арт. 3077 Падатковага кодэкса па транспартных сродках, з года выпуску якіх прайшло не больш за тры гады (2022–2024 гады. — “Позірк”.), уключаным у пералік ТСПК <…>, транспартны падатак, уключаючы авансавыя плацяжы, вылічаецца па стаўках, павялічаных у 10 разоў”.

Прапанаваны пералік ТСПК “незалежна ад тэхнічных характарыстык і камплектацыі”. У яго ўключаны Audi (A8, Q8, R8, RS6, RS7, RSQ8, S8, SQ8); Aston Martin, Aurus, Bentley, Bugatti, Ferrari, Lamborghini, Maserati, McLaren, Porsche, Rolls-Royce (увесь мадэльны шэраг); BMW (7, 8, M5, M6, M7, M8, X6, X7, XM); Cadillac Escalade; Land Rover; Range Rover; Range Rover Sport; Lexus (LC, LS, LX); Mercedes-Benz (AMG Е, AMG S, AMG SL, AMG G, AMG GT, AMG GLE, AMG GLS, G, GLE Coupe, GLS, S, SL, Maybach); Toyota (Land Cruiser 300, Sequoia).

Адзначаецца, што пры наяўнасці ў арганізацыі па стане на 1 студзеня 2024 года ТСПК, якія прызнаюцца “аб’ектам абкладання транспартным падаткам”, у тэрмін не пазней за 22 сакавіка “неабходна вылічыць і выплаціць авансавы плацеж па транспартным падатку за першы квартал 2024 года ў памеры адной чацвёртай гадавы. стаўкі транспартнага падатку, павялічанай у 10 разоў”.

Распрацаваны праект пастановы Саўміна з пералікам аўто знаходзіцца на ўзгадненні ў зацікаўленых дзяржорганаў.

Ведамства звярнула ўвагу, што “нягледзячы на ўступленне ў сілу палажэнняў пастановы Саўміна пасля яго афіцыйнага апублікавання, <…> прадугледжана, што яны распаўсюджваюць сваё дзеянне на праваадносіны, якія ўзніклі з 1 студзеня 2024 года” і рэкамендуе здзейсніць авансавы плацеж.

9 лістапада 2023 года начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб МПЗ Андрэй Кавалеўскі на прэс-канферэнцыі паведаміў, што аўтамабіляў прэміум-класа тэрмінам выпуску не больш за тры гады зарэгістравана ў краіне каля дзвюх тысяч.

Падзяліцца: