Мінск 03:33

СМІ: Прычына смерці хакеіста Кальцова — суіцыд

Фота: прэс-служба ХК "Дынама-Мінск"

19 сакавіка, Позірк. Экс-хакеіст зборнай Беларусі Канстанцін Кальцоў, пра гібель якога стала вядома ў ноч на 19 сакавіка, пакончыў з сабой, паведамляе спартыўны партал Tribuna.com са спасылкай на паліцыю акругі Маямі-Дэйд (штат Фларыда, ЗША).

Паліцыя паведаміла выданню, што беларус скінуўся з балкона гатэля St. Regis Bal Harbour Resort.

“Аддзел забойстваў паліцыі акругі Маямі-Дэйд узяў на сябе расследаванне відавочнага самагубства Канстанціна Кальцова. Ніякіх падазроных абставінаў не выяўлена”, — заявіў прадстаўнік прэс-службы паліцыі.

Амерыканскі інтэрнэт-рэсурс Tennis 365 сцвярджае, што ён загінуў, суправаджаючы сваю дзяўчыну тэнісістку Арыну Сабаленка на турнір Miami Open.

Паводле інфармацыі рэсурсу, Сабаленка, якая прайграла на мінулым тыдні ў 1/8 фіналу турніру Indian Wells Open, “павінна была згуляць на Miami Open на гэтым тыдні, а яе першы матч на турніры запланаваны на 22 сакавіка”.

Выказваецца здагадка, што на фоне смерці Кальцова яна здымецца з турніру. “25-гадовую спартсменку выключылі з афіцыйнага раскладу трэніровак, а паведамленні аб яе ўдзеле ў сацыяльных сетках былі выдаленыя”, — адзначае рэсурс.

43-гадовы Кальцоў не адзін год гуляў у камандзе Аляксандра Лукашэнкі, а таксама быў адным з падпісантаў адкрытага ліста спартоўцаў, якія падтрымалі ўвосень 2020 года дзейны рэжым на фоне распачатых у краіне рэпрэсій.

Кальцоў гуляў за зборную Беларусі ў 67 міжнародных матчах, закінуў 21 шайбу. У складзе каманды прадстаўляў краіну на зімовых Алімпійскіх гульнях у 2002 і 2010 гадах. Гуляў за клубы “Дынама-Мінск”, “Спартак” (Масква), “Ак Барс” (Казань) і інш. У 2002–2006 гадах выступаў за каманду Нацыянальнай хакейнай лігі Pittsburgh Penguins (ЗША).

У 2006 годзе далучыўся да клуба “Салават Юлаеў”. У 2016-м пакінуў кар’еру гульца і стаў памочнікам трэнера, таксама трэніраваў зборную Беларусі.

Падзяліцца: