Мінск 10:24

Лукашэнка: Маторнаму заводу пастаўлена задача вырабіць свой рухавік для легкавога аўтамабіля

Мінскі маторны завод (фота носіць ілюстрацыйны характар)
Крыніца: Агенцтва "Мінск-Навіны"

24 кастрычніка, Позірк. У Беларусі “разгортваецца новая вытворчасць” легкавых аўтамабіляў у супрацоўніцтве з кітайскай дзяржкарпарацыяй FAW, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з моладдзю 24 кастрычніка ў Палацы незалежнасці.

“Пачынаем, але галоўнае зараз — лакалізацыя, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Трэба атрымліваць свае дэталі для гэтага аўтамабіля. Мы для гэтага маем усё. Так, няпростая задача вырабіць свой рухавік для легкавога аўтамабіля і каробку перадач. Але мы паставілі перад сабой задачу. Мы маем маторны завод — хай вырабляе, хай варушыцца. Мы ж робім каробкі, рухавікі для іншых аўтамабіляў. Так, гэта больш тонкая праца, але мы яе зробім”.

Паводле яго слоў, у Беларусі на дамоўленасць з кітайскімі партнёрамі будзе пабудаваны дадатковы цэх па штампоўцы кузава.

“Калі спатрэбіцца абсталяванне, яны нам дапамогуць. І будзем паціху выходзіць на свой аўтамабіль. Мы купілі ліцэнзію ў іх, то бок мы ўжо будзем вырабляць Belgee. Ён будзе нават лепш, чым той, які мы вырабляем (мадэлі брэнда Geely на заводзе “Белджы”. — “Позірк”.). Але на гэта трэба крыху часу. А так, праграма ў нас сур’ёзная: мы павінны забяспечыць сваіх людзей сваім аўтамабілем. Які б ні быў імпартны аўтамабіль — гэта імпартны. Трэба, каб было сваё”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Яшчэ адным прыярытэтам ён назваў стварэнне электрамабіля: “У Беларусі маюцца пэўныя напрацоўкі ў гэтай сферы, і іх трэба развіваць. Усё ёсць, акрамя батарэі”.

“Аўтамабіль у нас будзе. Будзе асноўны добры аўтамабіль, і дадаткова мы яшчэ прыцягваем сюды інвестараў, каб яны выраблялі аўтамабілі”, — сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніцтвам FAW Group 2 сакавіка ў Пекіне заявіў, што Беларусь хоча развіваць аўтамабілебудаванне разам з КНР.

На прэс-канферэнцыі 18 верасня першы намеснік міністра прамысловасці Аляксандр Агароднікаў заявіў, што да канца года на прадпрыемстве “Юнісон” (вёска Абчак пад Мінскам) плануецца выпусціць каля 1 тыс. легкавых аўтамабіляў кітайскага брэнда Hongqi (“Хунцы”), які належыць FAW Group.

Падзяліцца: