Мінск 09:53

Польшча мае намер узвесці 70-метровыя вышкі ўздоўж мяжы з Беларуссю

Архіўнае фота: Памежная ахова Польшчы

25 сакавіка, Позірк. Польшча мае намер узвесці назіральныя вышкі вышынёй каля 70 метраў з “сучасным оптыка-электронным абсталяваннем” уздоўж мяжы з Беларуссю, вынікае з заявы кіраўніка Памежнай аховы Роберта Багана на сумесным пасяджэнні камітэтаў Сейма па нацыянальнай абароне, а таксама адміністрацыі і ўнутраных справах.

Паводле слоў чыноўніка, якія прыводзіць Gazeta Prawna, гэтыя пункты дапамогуць забяспечыць “лепшы агляд і кантроль стратэгічнага ўчастка мяжы”, дазваляючы маніторыць тэрыторыю ўглыб Польшчы і Беларусі амаль на 10 км.

Баган таксама лічыць неабходным набыць беспілотныя лятучыя апараты вертыкальнага ўзлёту і пракласці асфальтаваную дарогу ўздоўж мяжы для “больш хуткага рэагавання памежнай службы”. “Паколькі цяпер так званая тэхнічная дарога інтэнсіўна выкарыстоўваецца як памежнымі машынамі, так і войскам, доступ да розных раёнаў і хуткасць рэагавання значна зніжаюцца”, — патлумачыў ён.

Усе гэтыя захады, паводле яго слоў, актуальныя, паколькі існы плот нелегальныя мігранты, што ідуць з боку Беларусі, занадта лёгка пераадольваюць, разгінаючы загароджваючыя элементы або “праплываючы праз водапрапускныя трубы”. Кіраўнік Памежнай аховы паведаміў, што “мігранты разгінаюць пяціметровыя элементы плота з дапамогай аўтамабільнага дамкрата за 20 секунд”. Ён прапанаваў умацаваць бар’ер дадатковымі перакладзінамі, якія ўскладняць ці зробяць немагчымым разгінанне элементаў плота.

Паводле слоў намесніка міністра абароны Цэзарыя Томчыка, ад пачатку міграцыйнага крызісу ў 2021 годзе зафіксавана больш як 80 тыс. спробаў нелегальнага перасячэння мяжы з боку Беларусі, затрымана больш як 42 тыс. чалавек. “Асноўныя напрамкі перакідкі мігрантаў не змяніліся і не адбылося ніякіх змяненняў у тактыцы дзеянняў”, — канстатаваў ён.

Паводле звестак інспекцыі забеспячэння Узброеных сіл, выдаткі на гарантаванне бяспекі на польска-беларускай мяжы ў 2021–2023 гадах склалі амаль 1,5 млрд злотых (каля 375 млн долараў). “Чаканыя выдаткі ў 2024 годзе складуць 850 мільёнаў злотых. Крыніцай з’яўляецца бюджэт Міністэрства нацыянальнай абароны”, — адзначыў Томчык.

З ліпеня 2021 года да аховы мяжы было прыцягнута 5,6 тыс. вайскоўцаў, у 2022-м — 6,7 тыс. 2023-м — 3 тыс., з пачатку 2024-га — 4,6 тыс. За гэты час “было выстаўлена 280 тысяч назіральных пастоў і арганізавана больш за 250 тысяч патрулёў”, сказаў намеснік міністра.

Узвядзенне 206-кіламетровага плота ўздоўж мяжы з Беларуссю Польшча завяршыла ў чэрвені 2023 года.

16 лютага гэтага года прэм’ер-міністр Дональд Туск заявіў, што загарода павінна быць мадэрнізаваная “ў самыя кароткія тэрміны”. У 2024 годзе Польшча выдзеліць на абслугоўванне фізічнага і электроннага бар’ера на мяжы з Беларуссю каля 2,5 млн. злотых.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года.

Падзяліцца: