Мінск 05:39

Рэкордная колькасць нелегалаў спрабавала трапіць з Беларусі ў Польшчу 4 красавіка

Архіўнае фота: Памежная ахова Польшчы

6 красавіка, Позірк. Памежная ахова Польшчы 4 красавіка прадухіліла 305 спробаў незаконнага перасячэння мяжы з боку Беларусі — гэта сутачны рэкорд з пачатку міграцыйнага крызісу (папярэдні быў усталяваны 21 сакавіка 2024 года — 298), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз статыстыкі памежных ведамстваў.

У той дзень Дзяржаўная памежная ахова Латвіі спыніла 19 спробаў нелегальнага пранікнення з беларускай тэрыторыі, Служба аховы дзяржмяжы Літвы не сутыкнулася са спробамі парушэння мяжы.

За мінулыя суткі, 5 красавіка, ні латвійскія, ані літоўскія памежнікі не зафіксавалі выпадкаў незаконнага перасячэння мяжы з боку Беларусі. Іх польскія калегі актуальную інфармацыю не апублікавалі.

З пачатку года краіны ЕС прадухілілі не менш як 5.859 спробаў парушэння мяжы з боку Беларусі (Польшча — не менш як 4.831, Латвія — 883, Літва — 145).

У 2023 годзе было спынена 42.078 спробаў незаконнага перасячэння мяжы з боку Беларусі (Польшча — 25.571, Латвія — 13.863, Літва — 2.644), у 2022-м — 31.892 (Польшча — 15.655, Латвія — 5.026, Літва — 11.211). Агульны рост склаў 31,9% (на польскім напрамку — у 1,6 раза, латвійскім — у 2,8 раза; на літоўскім зафіксавана зніжэнне ў 4,2 раза).

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца з вясны 2021 года.

Падзяліцца: