Мінск 19:21

БЧ змяняе парадак чыгуначных зносін з РФ з-за абвальвання моста ў Смаленскай вобласці

Фота: Маскоўская міжрэгіянальная транспартная пракуратура

8 красавіка, Позірк. З-за абвальвання аўтамабільнага пуцеправода на чыгуначныя пуці ў раёне станцыі Вязьма (Смаленская вобласць РФ), Беларускай чыгункай “прымаюцца аператыўныя рашэнні па змяненні парадку пропуску цягнікоў”, якія едуць у зносінах РФ — Беларусь — РФ праз станцыю Вязьма, паведаміла прэс-служба БЧ. .

Беларуская чыгунка “знаходзіцца ў пастаянным кантакце з ААТ “РЖД” і будзе аператыўна інфармаваць аб змяненні ў графіку руху цягнікоў”.

Станцыя Вязьма з’яўляецца буйным чыгуначным вузлом і выконвае ролю пункта змены сілкавальнай напругі кантактнай сеткі.

Неафіцыйная Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі адзначае, што ад Вязьмы (Маскоўская чыгунка РЧ) да Оршы (БЧ) знаходзіцца “найбольш напружаны ў зносінах Расія — Беларусь і асноўны для міжнародных перавозак Кітай — Еўропа — Кітай (Міжнародны транспартны калідор № 2)”.

“Гэта 10-15 пар грузавых цягнікоў за суткі з прапускной здольнасцю 30 пар цягнікоў за суткі. Акрамя таго, гэта асноўны і, можна сказаць, адзіны калідор для пасажырскіх цягнікоў напрамкаў Масква — Мінск: зараз ад 14 да 23 цягнікоў кожныя суткі”, — паведаміла арганізацыя.

8 красавіка ў Вязьме абрушыўся Панінскі пуцеправод над чыгункай, на якім знаходзіліся грузавы і легкавы аўтамабілі. Адзін чалавек загінуў, пяцёра пацярпелі. Рух цягнікоў на ўчастку спынены, па факце абвальвання пуцеправода ўзбуджана крымінальная справа.

Падзяліцца: