Мінск 15:33

Сумленны бізнес за мяжой закладвае падмурак жыццяздольнай эканомікі новай Беларусі, лічыць Ціханоўская

Архіўнае фота: "Позірк"

9 красавіка, Позірк. Эканоміка з’яўляецца асновай любога грамадства, а прыватны бізнес — гэта “душа квітнеючай эканомікі”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў відэазвароце да ўдзельнікаў III Беларускага бізнес-форуму ў Вільнюсе, які 9 красавіка праводзіць Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой (ABBA).

Паводле слоў палітыка, без прыватнага бізнесу “няма ні ініцыятывы, ні крэатыўнасці, ані імкнення да новых дасягненняў і інавацый, словам, няма росту ўсеагульнага дабрабыту”.

“Проста паглядзіце на цяперашні стан беларускай эканомікі з яе так званым праўладным бізнесам. Відавочна, што такая мадэль нежыццяздольная. Новай Беларусі патрэбная жыццяздольная эканоміка. Менавіта вы сёння закладваеце яе падмурак”, — лічыць яна.

Ціханоўская заявіла, што ўражаная тым, чаго дасягнула ABBA, якая за апошнія два гады стала “голасам сумленнага беларускага бізнесу за мяжой”. “Асацыяцыя з’яўляецца адзінай у свеце нацыянальна арыентаванай беларускай бізнес-арганізацыяй, — адзначыла палітык. — У яе ўжо ўваходзіць больш за сто членаў з тузіна краін. З улікам вашых высокіх этычных стандартаў гэта сапраўды ўражвае”.

“Тое, што грошы не пахнуць, ужо няпраўда. Праверыць паходжанне сродкаў у век лічбавых тэхналогій прасцей, чым раней. Этычныя крытэрыі ў бізнесе становяцца вельмі важнымі. Этычны бізнес асабліва важны сёння, калі два рэжымы-агрэсары вядуць вайну супраць Украіны”, — дадала яна.

Сёння ў Беларусі, паводле слоў дэмлідара, “многія сумленныя прадстаўнікі дзелавых колаў падвяргаюцца пераследу і нават зняволенню за свае палітычныя погляды”. Недапушчальна, перакананая палітык, каб “іншыя ў гэты ж час вялі бізнес з дыктатарамі ці дапамагалі ім абыходзіць санкцыі”.

“Менавіта таму эканамічная бяспека павінна быць на першым месцы, — заявіла Ціханоўская. — Я рада, што ABBA надае гэтаму пільную ўвагу. Вельмі важна захаваць добрае імя беларускага бізнесу ва ўсім свеце. Яно павінна асацыявацца з празрыстасцю, сумленнасцю і крэатыўнасцю. Менавіта гэтыя каштоўнасці мы мусім закласці ў Беларусі пасля палітычнай трансфармацыі”.

Яна канстатавала, што эканамічная залежнасць Беларусі ад Расіі расце. Але нягледзячы на гэта дэмлідар “вельмі дакладна ўяўляе, што Беларусь заўсёды будзе часткай глабальнай, а не расійскай эканомікі”.

“Калі ў краіне адбудуцца дэмакратычныя змены, дзяржавы Еўрасаюза стануць нашымі асноўнымі гандлёвымі партнёрамі, — упэўненая Ціханоўская. — Мы будзем актыўна дамагацца заключэння пагадненняў аб свабодным гандлі з ЕС і ЗША, ствараючы адзін з самых прывабных бізнес-кліматаў у свеце”.

“Нават ў эміграцыі беларусы застаюцца крэатыўнымі, ініцыятыўнымі і працавітымі. Я не баюся, што беларускія бізнесмены згубяцца ў свеце. Я ўпэўненая, што яны будуць квітнець, ствараць працоўныя месцы ў краінах знаходжання, падтрымліваць наш дэмакратычны рух і грамадзянскую супольнасць. <… > Давайце разам пабудуем новую Беларусь і вернем яе ў еўрапейскую сям’ю, дзе ёй самае месца”, — сказала палітык.

Ціханоўская прызналася, што рада правядзенню форуму менавіта ў Літве, якая “пасля 2020 года сардэчна прыняла тысячы беларусаў”, у тым ліку яе саму, а таксама “сотні прыватных бізнесаў, што пераехалі з Беларусі”. Гэтыя бізнесы, падкрэсліла дэмлідар, “робяць істотны ўнёсак у літоўскую эканоміку, ствараючы новыя працоўныя месцы і выплачваючы падаткі”.

“Я спадзяюся, што Літва і надалей будзе прымаць і падтрымліваць сумленны беларускі бізнес”, — заявіла палітык.

Падзяліцца: