Мінск 15:47

Беларусь павінна забяспечыць траціну закупак пасажырскага транспарту РФ — Лукашэнка

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

9 красавіка, Позірк. Беларускія прамысловыя прадпрыемствы могуць ствараць “канкурэнтаздольную тэхніку з выкарыстаннем айчынных матэрыялаў і камплектуючых”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 9 красавіка на нарадзе аб развіцці прамысловасці.

“Усе чулі, у штогадовым пасланні прэзідэнт Расіі анансаваў, што да 2030 года суб’екты федэрацыі павінны атрымаць каля 40 тыс. аўтобусаў, тралейбусаў, трамваяў, электробусаў. Грошы на гэта выдзеленыя, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Задача беларускай прамысловасці — падключыцца і забяспечыць не менш як 30% патрэбных аб’ёмаў”.

Паводле яго слоў, гэта “наша ніша”, таму неабходна “закасаць рукавы і працаваць”: “Тыя часы, калі за плот выкінуў трактар і аўтамабіль і тут прыйшлі людзі, якія стаяць у чарзе, і забралі іх або купілі ваш трактар, даўным-даўно скончыліся”.

У лютым 2024 года на расійскім рынку прададзена 63 новыя аўтобусы Мінскага аўтамабільнага завода — на 25% менш, чым месяцам раней (84), і на 42,7%, чым у другім месяцы 2023-га (110), сведчаць дадзеныя агенцтва “АСМ-холдынг” (РФ).

Па выніках двух месяцаў доля мінскага прадпрыемства на рынку гэтага сегмента аўтатранспарту склала 4,6%.

Разам з тым у расійскіх СМІ неаднаразова з’яўляліся навіны аб “праблемах” з беларускімі аўтобусамі.

У Санкт-Пецярбургу 3 студзеня загарэўся аўтобус, які выраблены на Мінскім аўтамабільным заводзе. Паводле інфармацыі медыя “Фантанка”, ён належаў кампаніі “Дамтрансаўта”.

Усяго, паводле звестак расійскіх СМІ, у горадзе ў 2023 годзе загарэлася не менш як дзевяць аўтобусаў беларускай вытворчасці. Годам раней зафіксавана 8 такіх выпадкаў.

Як паведамляла прэс-служба Пецярбургскага дзяржаўнага унітарнага прадпрыемства “Пасажыраўтатранс”, 2 жніўня 2023 года ў горадзе была прыпынена эксплуатацыя партыі аўтобусаў МАЗ. Іх адмаўляліся ставіць на баланс, “пакуль не будуць ліквідаваны прычыны” узгаранняў.

“У сувязі з наяўнасцю заўваг, якія патэнцыйна могуць прывесці да ўзгарання аўтобусаў, прынятае рашэнне аб прыпыненні эксплуатацыі на гарадской маршрутнай сетцы 137 аўтобусаў Мінскага аўтамабільнага завода (МАЗ 203047). Яны паступілі ў Пецярбург па кантрактах 2022 года”, — паведамляла прэс-служба ГУП “Пасажыраўтатранс”.

У адказ на запыт віцэ-губернатара Санкт-Пецярбурга Кірыла Палякова ў чэрвені 2022 года МАЗ паведаміў, што прычынай узгаранняў можа быць “трапленне масла з сістэмы гідрапрывада вентылятара на гарачыя часткі рухавіка”.

“Ва ўмовах санкцыйнага ціску і парушэнні лагістычных ланцужкоў пры пастаўках камплектаў гідрапрывада магла адбыцца замена правераных фланцаў на іншыя, аналагічныя па тэхнічных характарыстыках, але якія не маюць правераных рэферэнцый”, — удакладніў Палякоў.

Наяўнасць праблемы з беларускімі аўтобусамі ўскосна прызнаў Аляксандр Лукашэнка, які заявіў 19 верасня мінулага года на сустрэчы з губернатарам Краснадарскага края Веніямінам Кандрацьевым, што прычына ўзгаранняў пасажырскага транспарту ў Пецярбургу крыецца ў адсутнасці “якаснага і своечасовага абслугоўвання” і прапанаваў наладзіць тэхабслугоўванне на месцы сіламі беларускіх рамонтнікаў.

Падзяліцца: