Мінск 21:14

Лукашэнка прапанаваў папоўніць дэфіцыт кадраў за кошт “патрыятычна настроеных” пенсіянераў

Фото: brestcity.com

9 красавіка, Позірк. Аб неабходнасці прыняцця мер па ліквідацыі дэфіцыту рабочых, а таксама павышэння прэстыжу інжынерных прафесій заявіў Аляксандр Лукашэнка 9 красавіка на нарадзе аб развіцці прамысловасці.

“Усё важна — інвестыцыі, тэхналогіі, дысцыпліна, якасць прадукцыі. Але важней за ўсё — кадры, кадры і яшчэ раз кадры. Высакакласны спецыяліст вырашыць любую праблему, недавучка загубіць справу. Аднак мы сёння вымушаныя казаць не пра якасць падрыхтоўкі кадраў, а пра іх павальны дэфіцыт. Асабліва рабочых”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Паводле яго слоў, на сёння ў цэлым па краіне з 27 тыс. вакансій у апрацоўчай прамысловасці 85% (23 тыс.) прыпадае на рабочыя спецыяльнасці. Найбольш запатрабаваныя слесары, вадзіцелі, станочнікі, зваршчыкі.

Прэс-служба Лукашэнкі паведамляе, што на Мінскім аўтамабільным заводзе некамплект работнікаў складае 13%, а на Мінскім маторным заводзе назіраецца “цякучка працоўных спецыяльнасцяў”: слесараў, токараў, мантажнікаў, электраманцёраў, шліфоўшчыкаў і фрэзероўшчыкаў.

“Пры гэтым амаль упэўнены, што адміністрацыйна-кіраўнічы персанал у вас адкрыта разадзьмуты. Да прыкладу, на МТЗ толькі маркетынгавая служба [налічвае] 100 чалавек. А паўгадавы запас на складах падзець няма куды”, — пракаментаваў гэтую статыстыку Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу на тое, што неабходна павысіць матэрыяльную зацікаўленасць рабочых на прадпрыемствах, а таксама адзначыў “нявыкарыстаныя рэзервы”.

“Можа быць, ураду прыйшоў час падумаць аб прыцягненні тых, хто сышоў — тых жа пенсіянераў. Сярод іх ёсць шмат актыўных, якія жадаюць працаваць людзей. Няхай не “ірванем” на 30 тыс. чалавек, але мы знойдзем некалькі тысяч патрыятычна настроеных людзей, якіх можам паклікаць на вытворчасць. Яны з задавальненнем прыйдуць і будуць працаваць і вялікую карысць прыносіць яшчэ як настаўнікі. Трэба вырашыць, як іх зацікавіць, у тым ліку і матэрыяльна”, — сказаў ён.

Гаворачы аб замацаванні на месцах маладых спецыялістаў, Лукашэнка выказаў сумнеў у тым, што негатыўная тэндэнцыя ў гэтым пытанні ліквідаваная.

“Больш за тое, эксперты папярэджваюць, што растуць рызыкі страты кампетэнцый ў галіне канструявання і распрацоўкі новых відаў прадукцыі. Чаму? Таму што на большасці прадпрыемстваў у аддзелах канструктараў і распрацовак мала маладых спецыялістаў, — канстатаваў Лукашэнка. — А гэта ўжо пытанне не толькі да Мінпрама, але і да Мінадукацыі”.

Ён падкрэсліў, што ў Беларусі “павінны па вопыту савецкага мінулага істотна падняць прэстыж інжынерных прафесій, павысіць статус тых людзей, чыімі рукамі і інтэлектам ствараюцца рэальныя матэрыяльныя каштоўнасці”.

Лукашэнка ўказаў на неабходнасць “на справе ўмацаваць звязку усіх узроўняў адукацыі — ад школы, ВНУ да прадпрыемства”. “Варта працаваць па адзінай логіцы, на агульны вынік. Крытэрыем эфектыўнасці навучальных устаноў павінна быць тое, наколькі запатрабаваныя іх выпускнікі, як растуць заробкі маладых спецыялістаў”, — удакладніў ён.

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, якія прааналізаваў “Позірк”, у лютым 2024 года ў беларускай эканоміцы было занята 4 млн 132,9 тыс. чалавек — на 0,09% больш (+3,8 тыс.), чым у студзені, і на 39,5 тыс. менш, чым у лютым 2023-га (-0,95%).

У сферы транспарту і лагістыкі колькасць работнікаў за год зменшылася з 281,9 да 274,4 тыс., сельскай гаспадарцы — з 362 да 350,1 тыс., будаўніцтве — з 253,9 да 245,5 тыс., аптовым і рознічным гандлі — з 600,6 да 593,3 тыс., грамадскім харчаванні — з 72,8 да 69,5 тыс., сферы інфармацыі і сувязі — са 137,9 да 122,7 тыс., у адукацыі — з 436,8 да 431,7 тыс.

Падзяліцца: