Мінск 10:08

Латушка: Беларускі народ мае патрэбу ў матывацыі і падтрымцы з боку Еўрасаюза

Фота: "Позірк"

9 красавіка, Позірк. “Галоўнай сілай для дасягнення свабоднай, дэмакратычнай і еўрапейскай Беларусі з’яўляецца беларускі народ”, ён “мае патрэбу ў матывацыі і падтрымцы” з боку Еўрапейскага саюза, заявіў намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка на спецыяльным пасяджэнні рабочай групы Савета ЕС па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі, якое адбылося 8 красавіка.

Як адзначае прэс-служба НАУ, для далейшай падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці Еўрасаюзу на пасяджэнні было прапанавана вызначыць краін-партнёраў, якія былі б гатовыя сумесна ажыццявіць “мэтанакіраваныя прававыя дзеянні па перадачы матэрыялаў аб злачынствах рэжыму Лукашэнкі супраць чалавечнасці <…> у Міжнародны крымінальны суд.

На думку Латушкі, злачынствам супраць чалавечнасці можна лічыць “дэпартацыю” беларусаў пасля выбараў 2020 года — такой прапанавана лічыць “вымушаны выезд з краіны больш за 300 тыс. беларусаў з-за фактаў і пагроз розных формаў пераследу”.

Іншымі крокамі падтрымкі беларусаў, адзначае НАУ, маглі б стаць “адвакатаванне з боку краін ЕС і падтрымка з боку Украіны ў ініцыяванні выдачы ордэра на арышт Лукашэнкі за ваенныя злачынствы, звязаныя з незаконным вывазам украінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі і іх індактрынацыяй”; прыняцце “праграмы прыярытэтнай падтрымкі” незалежных СМІ; падтрымка нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў і беларускай культуры ў эміграцыі; прадастаўленне вялікіх магчымасцяў беларусам для наведвання Еўрапейскага саюза, у тым ліку, атрымання шматразовых шэнгенскіх віз.

Таксама НАУ прадставіла “канкрэтныя прапановы” для павышэння эфектыўнасці санкцыйнага рэжыму ЕС у дачыненні да Беларусі і Расіі, гаворыцца ў паведамленні.

Латушка “акцэнтаваў пытанне важнасці матывавання беларускага грамадства і большай адкрытасці Еўрапейскага саюзу для грамадзян Беларусі, у тым ліку адкрыцця пунктаў пропуску для звычайных грамадзян адначасова з абмежаваннем магчымасцяў для рэжыму выкарыстоўваць гандаль у інтарэсах Расіі і для пашырэння фінансавання рэпрэсій”.

Падкрэсліваецца, што свае пазіцыі падчас дыскусіі аб сітуацыі ў Беларусі выказалі прадстаўнікі Аўстрыі, Балгарыі, Грэцыі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Фінляндыі, Чэхіі, Эстоніі і іншых краін.

Былі абмеркаваныя пытанні легалізацыі знаходжання беларусаў у ЕС, а таксама “прызнанне пашпарта кабінета як дакумента, які сведчыць асобу грамадзян Беларусі”.

“Асобна на просьбу прадстаўнікоў краін ЕС былі закранутыя пытанні дзеянняў рэжыму ў змене заканадаўства ў сітуацыі абвяшчэння ваеннага становішча, развіцця вайсковай інфраструктуры ў Беларусі, мілітарысцкай прапаганды з боку Лукашэнкі і прадстаўнікоў рэжыму”, — адзначае НАУ.

Акрамя гэтага, Латушка правёў сустрэчу са спецпрадстаўніком Еўрасаюза па пытаннях Усходняга партнёрства Дзіркам Шубелем, на якой абмеркаваў магчымасці гэтай праграмы ЕС для “супрацоўніцтва з беларускім грамадствам”.

У 2019–2022 гадах Шубель узначальваў прадстаўніцтва ЕС у Беларусі.

Падзяліцца: