Мінск 06:19

У Беларусі не будуць прысуджаць навуковыя ступені ў галіне еўрапейскага права

Фота: ec.europa.eu

10 красавіка, Позірк. У Беларусі больш не будуць прысуджаць навуковыя ступені ў галіне еўрапейскага права, вынікае з пастановы Вышэйшай атэстацыйнай камісіі (ВАК) № 3 ад 27 сакавіка.

Дакумент, апублікаваны 10 красавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, уносіць змяненні ў пералік наменклатуры спецыяльнасцей навуковых работнікаў — класіфікатар, які выкарыстоўваецца для падрыхтоўкі аспірантаў і дактарантаў, вызначэння кірунку іх дысертацый і наступнага прысуджэння ступеней кандыдата або доктара навук.

З улікам новай пастановы ВАК, спецыяльнасць “Міжнароднае права; еўрапейскае права” (шыфр 12.00.10 групы “юрыдычныя навукі” ў галіне сацыяльна-эканамічных і грамадскіх навук) цяпер будзе называцца “Міжнароднае права; права рэгіянальнай інтэграцыі”.

Еўрапейскае права — сукупнасць норм, якая ўключае ў сябе еўрапейскае інтэграцыйнае права, сістэму абароны правоў чалавека, іншыя палажэнні еўрапейскіх міжнародных дагавораў. Тычыцца права Еўрасаюза і Савета Еўропы.

Паняцце “права рэгіянальнай інтэграцыі” часцей за ўсё згадваюць у краінах былога СССР, маючы на ўвазе прававыя асновы інтэграцыйных утварэнняў на постсавецкай прасторы. Асобныя крыніцы прапануюць атаясамляць яго з паняццем “еўразійскае права”, якое стала фармавацца ў процівагу еўрапейскаму праву на хвалі канфрантацыі РФ і Захаду.

Падзяліцца: