Мінск 14:21

Ціханоўская папросіць улады Кіпра “прытрымлівацца трансатлантычнай палітыкі” ў дачыненні да Лукашэнкі і РФ

Фота: прэс-служба Ціханоўскай

10 красавіка, Позірк. З просьбай “прытрымлівацца трансатлантычнай палітыкі” ў дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і Расіі беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская звернецца да ўладаў Кіпра.

Пра свой намер папрасіць пра гэта на сустрэчы з прэзідэнтам краіны Нікасам Хрыстадулідзісам, спікерам парламента Анітай Дзімітрыу і прадстаўнікамі парламентскага камітэта па замежных і еўрапейскіх справах палітык заявіла 10 красавіка ў амбасадзе Польшы у Рэспубліцы Кіпр на брыфінгу для дыпламатаў.

“Рэжым Лукашэнкі значна больш уразлівы, чым падаецца, — цытуе Ціханоўскую яе прэс-служба. — Ён быццам крэсла, якое стаіць на трох ножках — грошах, рэпрэсіях і Расіі. Калі ўпадзе адна ножка, разваліцца і ўсё крэсла. Таму так важна працягваць ізаляваць рэжым эканамічна, палітычна і дыпламатычна. Таму важна ўзмацніць санкцыі і адкрыць справы супраць злачынцаў. Таму важна дапамагчы Украіне і аслабіць Расію, якая з’яўляецца галоўным спонсарам рэжыму Лукашэнкі і гарантам яго існавання”. 

Дэмлідар звярнула ўвагу на тое, што ў Беларусі налічваецца больш за 500 кампаній з кіпрскім капіталам, “і многія з іх шчыльна звязаныя з Лукашэнкам і яго набліжанымі”. “Некаторыя з іх звязаныя з падтрымкай рэпрэсій і вайны. Кіпр мог бы адыграць важную ролю ў іх выяўленні і прымяненні санкцый”, — заявіла яна.

Ціханоўская таксама адзначыла, што “на Кіпры жыве больш за 5.000 беларусаў”, якія маюць “сваю структуру”, “падтрымліваюць дэмакратычныя змены”. Прадстаўнікі дыяспары праз яе папрасілі дыпламатаў прымаць ад іх заявы на выдачу віз у прадстаўніцтвах краін Шэнгенскага пагаднення, што працуюць на Кіпры. Паводле слоў дэмлідара, беларусы на Кіпры сутыкаюцца з праблемамі, звязанымі з пашпартамі і легалізацыяй.

Палітык папрасіла дыпламатаў падтрымаць заклік дэмсіл “неадкладна вызваліць усіх палітычных вязняў”. “Патрабуйце доступу да іх і настойвайце на тым, каб інстытуты ААН звярнулі ўвагу на гэты крызіс”, — сказала яна.

Святлана Ціханоўская 9–10 красавіка здзейсняе першы візіт на Кіпр. Адтуль яна накіруецца ў Грэцыю, дзе выступіць на IX Дэльфійскім эканамічным форуме.

Падзяліцца: