Мінск 09:16

Ціханоўская: Многія пытанні аб тэракце ў мінскім метро дагэтуль застаюцца без адказу

Крыніца: старонка Святланы Ціханоўскай у X

11 красавіка, Позірк. Многія пытанні аб тэрарыстычным акце ў мінскім метро 11 красавіка 2011 года застаюцца без адказу з боку ўладаў, напісала ў сацсетцы X у гадавіну трагедыі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

“У нашай гісторыі 11 красавіка назаўжды застанецца як дзень тэракту. Трагічны дзень, калі загінула 15 і было паранена 400 чалавек”, — адзначыла палітык.

Ціханоўская перакананая, што беларусы павінны ведаць праўду “пра гэты жудасны акт агрэсіі”.

11 красавіка 2011 года ў 17 гадзін 55 хвілін па мінскім часе на станцыі метро “Кастрычніцкая” ў Мінску адбыўся выбух самаробнай радыёкіраванай выбуховай прылады. Яна была закладзеная пад лаўку насупраць другога і трэцяга вагонаў цягніка, які рухаўся ў бок станцыі “Інстытут культуры”. Прылада была начыненая паражальнымі элементамі. У выніку тэракту на месцы загінула 11 чалавек, яшчэ чацвёра памерлі пазней.

Праз некалькі гадзін пасля тэракту на месца надзвычайнага здарэння прыбыў Аляксандр Лукашэнка з сынам Мікалаем, на той момант яму было шэсць гадоў.

Раніцай 12 красавіка КДБ заявіў аб устанаўленні асобы выканаўцы тэракту, яго абвясцілі ў вышук.

13 красавіка Лукашэнка заявіў, што тэракт раскрыты, пазней яго арганізатарамі былі названыя Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў. 30 лістапада 2011 года суд прыгаварыў абодвух да расстрэлу.

Расследаванне здарэння неаднаразова выклікала крытыку з боку незалежных СМІ. Журналісты звярталі ўвагу на шматлікія нестыкоўкі, занадта хуткае расследаванне і кароткі тэрмін ад вынясення прысуду да прывядзення яго ў выкананне (3,5 месяца).

Тэракт адбыўся на фоне фінансавага крызісу ў Беларусі, які суправаджаўся дэвальвацыяй беларускага рубля і напружанасцю ў грамадстве.

Падзяліцца: