Мінск 16:21

Круты абмеркаваў з супрацоўнікамі амбасады ў РФ “несуцяшальныя паказчыкі экспарту”

Крыніца: тэлеграм-канал пасольства Беларусі ў РФ

12 красавіка, Позірк. “Несуцяшальныя паказчыкі экспарту” беларускіх тавараў у Расію сталі галоўнай тэмай чарговай відэаканферэнцыі пасла Беларусі ў РФ Дзмітрыя Крутога з кіраўнікамі аддзяленняў пасольства ў расійскіх рэгіёнах, паведамляе прэс-служба дыппрадстаўніцтва.

Заяўляецца, што падчас анлайн-сустрэчы Круты заклікаў падначаленых, якія арганізуюць візіты беларускіх дэлегацый у рэгіёны РФ, “адмовіцца ад шаблонаў і стэрэатыпаў пры падрыхтоўцы матэрыялаў”, “адчуваць патрэбы на месцах”. Ён падкрэсліў, што “без асабістых кантактаў” у пытаннях экспарту “прарыву не дамагчыся”.

Дыпламат заявіў аб неабходнасці “напаўняць узаемавыгадным зместам” такія візіты, прывёўшы ў прыклад “элементы беспілотных авіясістэм і навуковыя кластары, разгрупаваныя па ўсёй Расіі, а таксама фармацэўтыку, хімпрам, дрэваапрацоўку”.

На нарадзе таксама абмеркавалі “гандлёвыя дамы і мультыбрэндавыя цэнтры беларускай тэхнікі” ў РФ. Паведамляецца, што такіх цэнтраў “ужо намечана восем”: у Санкт-Пецярбургу, Татарстане, Прымор’і, на Кубані, Стаўраполлі, Кузбасе, у Новасібірскай і Растоўскай абласцях. Таксама абмяркоўвалася “тыражуемая мадэль атэставаных сэрвісных цэнтраў, таксама мультыбрэндавых”.

Круты звярнуў увагу, што ў рамках транспартнай рэформы, якая разгортваецца ў РФ, Аляксандрам Лукашэнкам пастаўленая “амбіцыйная задача”: паставіць у расійскія рэгіёны да 30% аўтобусаў, тралейбусаў, трамваяў і электробусаў беларускай вытворчасці.

29 сакавіка на анлайн-пасяджэнні міжведамаснай рабочай групы па маніторынгу паставак у РФ Круты адзначыў зніжэнне тэмпаў росту экспартных паставак у гэтую краіну шэрагу беларускіх прадпрыемстваў у студзені — лютым 2024 года.

Пасол заявіў, што будзе “ўносіць прапановы па пакаранні членаў рабочай групы”. “А вы ў сваю чаргу, — дадаў ён, — будзеце ўносіць мне прапановы па пакаранні ў першую чаргу супрацоўнікаў маркетынгавых службаў канкрэтных прадпрыемстваў”.

Паводле слоў Крутога, на зніжэнне тэмпаў безумоўна “ўплывае паслабленне курсу расійскага рубля”, аднак экспартныя заданні, “на жаль, ставяцца не ў фізічных аб’ёмах”. “Адзінай уважлівай прычынай прасядання застаецца пераарыентацыя патокаў на іншыя рынкі”, — падкрэсліў ён.

13 лютага на аналагічным пасяджэнні Круты заявіў, што экспарт тавараў у Расію ў 2023 годзе павялічыўся на 9,1%, “без уліку нафты, нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў” — на 7,9%” пры заданні” 6,5%.

Паводле слоў дыпламата, агульны аб’ём таварных паставак у Расію склаў “гістарычныя 25 млрд долараў”.

11 лютага ў эфіры тэлеканала АНТ Круты заявіў, што заходнія санкцыі паслужылі “трыгерам росту паставак” беларускіх тавараў на расійскі рынак.

Падзяліцца: