Мінск 09:06

ААЦ ануляваў даменныя імёны сайтаў руху “За Cвабоду” і медыя Reform.by

Будынак ААЦ
Фота: сайт Аляксандра Лукашэнкі

15 красавіка, Позірк. Даменнае імя сайта дэ-юрэ ліквідаванага руху “За Свабоду” ануляванае, паведаміў лідар гэтай структуры, намеснік прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па транзіце ўлады Юрась Губарэвіч.

Палітык апублікаваў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” ліст Аператыўна-аналітычнага цэнтра (ААЦ), які паведаміў яму як уладальніку даменнага імя пра адпаведнае рашэнне, прынятае ў сувязі з тым, што сайт руху “За Свабоду” уключаны ў спіс “экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

На думку Губарэвіча, гэта “добры кейс”, каб “ужо цяпер пачаць працэс пазбаўлення правоў на даменную зону .by ў тых рэгістратараў, якія прадстаўляюць рэжым”.

15 красавіка ліст рэгулятара з аналагічным тлумачэннем анулявання даменнага імя атрымаў таксама медыя Reform.by. Рэдакцыя заявіла, што “разглядае такія дзеянні як цэнзуру і бессаромнае маніпуляванне ААЦ як нацыянальнага адміністратара даменнай зоны міжнароднымі абавязацельствамі Беларусі”.

Цяпер асноўнае даменнае імя сайта — reform.news, доступ да якога, зрэшты, у Беларусі заблакаваны.

У студзені Аператыўна-аналітычны цэнтр пазбавіў дэ-юрэ ліквідаваную Беларускую асацыяцыю журналістаў права на кіраванне даменным імем baj.by — нібыта праз выяўленыя парушэнні.

4 красавіка начальнік ААЦ Андрэй Паўлючэнка падпісаў загад № 69 (апублікаваны 9 красавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале), паводле якога “ў выпадку ўключэння ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў інфармацыйнай прадукцыі з указаннем інтэрнэт-рэсурсу і яго ідэнтыфікатара — даменнага імя, зарэгістраванага ў нацыянальнай даменнай зоне, запіс аб рэгістрацыі такога даменнага імя анулюецца на падставе рашэння адміністратара нацыянальнай даменнай зоны”.

Такое ануляванае даменнае імя ўносіцца ў спецыяльны пералік і “становіцца недаступным для рэгістрацыі на працягу перыяду знаходжання адпаведнай інфармацыйнай прадукцыі ў рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

Таксама пазначана, што даменнае імя, запіс аб рэгістрацыі якога ануляваны, будзе выстаўляцца на аўкцыён не пазней за 45 каляндарных дзён з дня анулявання запісу (іншы тэрмін у дачыненні да канкрэтных даменаў можа быць вызначаны адміністратарам нацыянальнай даменнай зоны ў апавяшчэнні, нацыянальнай даменнай зоны).

Падзяліцца: