Мінск 03:58

Праз рэгуляванне цэн сталі часцей банкрутаваць гандлёвыя прадпрыемствы, заяўляе “Кошт урада”

Крыніца: freepik.com

19 красавіка, Позірк. Стрыманне цэн працуе, але “зваротным бокам ручнога рэгулявання інфляцыі становяцца ўсё больш частыя банкруцтвы гандлёвых прадпрыемстваў, <…> агульнае зніжэнне рэнтабельнасці арганізацый” у гэтай сферы, гаворыцца ў аналітычным матэрыяле праекта “Кошт урада”.

“Эфектыўным бізнесам даводзіцца сыходзіць з рынку, паколькі магчымасць выжыць у такой сітуацыі дастаецца не ім, а арганізацыям, якія могуць выкарыстоўваць нярынкавыя пралазы ў заканадаўстве і асабістыя сувязі”, — падкрэслілі эксперты.

Спажывецкія цэны ў сакавіку выраслі на 0,5%: харчовыя і нехарчовыя тавары падаражэлі на 0,5%, паслугі — на 0,3%, сведчаць даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

З пачатку года рост цэн склаў 2,2%. Харчовыя тавары сталі даражэйшыя на 2,3%, нехарчовыя — на 1,4%, паслугі — на 3%.

У гадавым вымярэнні (да сакавіка 2023-га) спажывецкія цэны выраслі на 5,6%: харчовыя тавары падаражэлі на 6,2%, нехарчовыя — на 3,5%, паслугі — на 7,1%.

2 кастрычніка 2023 года Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў важнейшыя прагнозныя (дэ-факта планавыя) параметры развіцця краіны на 2024 год, згодна з якімі інфляцыя не павінна перавысіць 6%.

Урад “зрабіў пэўныя захады, каб узяць пад кантроль сістэму цэнаўтварэння”, і сёння “ў нейкай ступені” стрымліваць рост цэн удаецца, заявіў ён 28 сакавіка на нарадзе аб працы банкаўскай сістэмы. Паводле яго слоў, ад практыкі дзяржрэгулявання цэн у Беларусі “не адступяць”.

“Сістэма кантролю за цэнаўтварэннем, за гэтым усім комплексам будзе толькі ўзмацняцца. Такая задача пастаўлена перад урадам. Я прашу мець гэта на ўвазе і Нацыянальнаму банку, і рабіць усё неабходнае, каб людзі менш на нас крыўдзіліся ў сувязі з ростам цэн, інфляцыяй у краіне”, — сказаў Лукашэнка.

Даследчы цэнтр BEROC раней заяўляў, што “верагоднасць змены падыходу ўрада да цэнавага рэгулявання як мінімум у першым паўгоддзі ацэньваецца нізкай”. “Яно працягне прымяняцца ў жорсткай форме, што будзе стрымліваць перанос выдаткаў у цэны і весці да назапашвання інфляцыйнага навеса”, — прагназавала арганізацыя.

Эксперты не выключылі, што сістэма цэнавага кантролю можа быць скарэктаваная ў сярэдзіне года.

Згодна з прагнозам Еўразійскага банка развіцця, па выніках 2024 года інфляцыя ў Беларусі складзе 8%. У сваю чаргу Міжнародны валютны фонд у красавіцкім прагнозе чакае, што кошты вырастуць на 6,3%.

Намеснік міністра эканомікі падтрымаў сістэму дзяржплана

18 красавіка, Позірк. Элементы сістэмы дзяржаўнага планавання ў прамысловасці ўжо трэці год прымяняюцца урадам у рамках мабілізацыйнага падыходу, заявіў першы намеснік міністра эканомікі Андрэй Картун. "Сутнасць заключаецца ў тым, што наяўныя рэсурсы (фінансавыя, працоўныя), скажам, у прамысловасці трэба максімальна задзейнічаць, …
Падзяліцца: