Мінск 01:20

Створаны 12-ы спецатрад унутраных войскаў, Карпянкоў назваў яго байцоў “героямі нашага часу”

Крыніца: тэлеграм-канал унутраных войскаў МУС

23 красавіка, Позірк. На базе вайсковай часці 6713 у Магілёве сфарміраваны атрад спецыяльнага прызначэння “Гром”, паведамляе тэлеграм-канал унутраных войскаў МУС.

Падкрэсліваецца, што гэта ўжо 12-ы спецатрад у структуры ўнутраных войскаў МУС.

“Яго задачы, — гаворыцца ў паведамленні, — пошук і ліквідацыя незаконных узброеных фарміраванняў і дыверсійна-разведвальных груп, аказанне садзейнічання ў ахове дзяржаўнай мяжы, а таксама затрыманне правапарушальнікаў і злачынцаў сумесна з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў”.

Паводле слоў намесніка кіраўніка МУС — камандуючага ўнутранымі войскамі Мікалая Карпянкова, у атрада ёсць “толькі адна прывілея”.

“Калі дзесьці нешта адбудзецца, вы першыя апынецеся на вастрыі, — сказаў Карпянкоў, звяртаючыся да байцоў атрада. — Зусім хутка вы пройдзеце баявое зладжванне пад кіраўніцтвам інструктараў, якія валодаюць баявым вопытам, і адразу ж прыступіце да выканання службова-баявых задач, у тым ліку ў прыграніччы”.

Ён назваў атрад “сур’ёзным баявым падраздзяленнем”, якое валодае “магутнымі тактычнымі магчымасцямі”.

“Вы героі нашага часу”, — адзначыў намеснік кіраўніка ведамства.

“Планава на працягу двух гадоў рэалізуецца распараджэнне МУС па нарошчванні і ўдасканаленні патэнцыялу спецназа войскаў”, — заявіў у сваю чаргу першы намеснік камандуючага ўнутранымі войскамі Аляксандр Быкаў.

Ён паведаміў, што раней былі сфарміраваныя атрады спецпрызначэння ў Мінскай, Брэсцкай, Гродзенскай, Гомельскай абласцях, у Астраўцы (Гродзенская вобласць) — для гарантавання бяспекі АЭС, “цалкам змененая структура мінскіх атрадаў”.

Паводле слоў Быкава, у спецатрадах унутраных войскаў праведзенае перааснашчэнне ўзбраеннем: маюцца мінамёты, ПТРК, СПГ-9, АГС, браняваная тэхніка, сродкі падвышанай праходнасці, пікапы, квадрацыклы, катэры, балотаходы і “вялікая колькасць кулямётаў буйных калібраў”. Таксама створаныя цэнтры падрыхтоўкі і прымянення БПЛА розных тыпаў.

Выкарыстоўваюцца штурмавыя сабакі, дзейнічаюць вадалазныя падраздзяленні і сапёры.

Унутраныя войскі былі актыўна задзейнічаныя ў падаўленні масавых пратэстаў у 2020 годзе, яны таксама прыцягваліся да разгонаў вулічных акцый у ранейшыя гады.

З канца 2022 года ў іх складзе актыўна ствараюцца новыя спецпадраздзяленні, у першую чаргу, з ліку кантрактнікаў, якія раней адслужылі ва УВ: “Рысь”, “Беркут”, “Гонар”, “Смерч”, “Шторм”, “Тайфун”, “Буран”, “Цыклон”, “Тарнада” і “Граніт”.

Трэніроўкамі байцоў спецатрадаў унутраных войскаў займаліся баевікі расійскай ПВК “Вагнер”.

Падзяліцца: