Мінск 18:20

Праз канкурэнцыю з боку РФ рэнтабельнасць беларускай рыбы “мінімальная” — намеснік кіраўніка “Белводгаса”

Крыніца: rc-club.by

23 красавіка, Позірк. Арганізацыі ГА “Белводгас” у 2023 годзе выгадавалі больш за 10,5 тыс. тон рыбы з “тэмпам росту 110%”, заявіў на прэс-канферэнцыі 23 красавіка намеснік генеральнага дырэктара аб’яднання Дзяніс Заяц.

Паводле яго слоў, за год таксама атрымана 13 тыс. тон “рыбных рэсурсаў”. Па гэтым паказчыку, сказаў Заяц, у 2024-м “трэба прырасці на 21%”, для гэтага неабходна “забяспечыць практычна 30 тыс. тон камбікорму”.

“Усе гэтыя рэсурсы трэба адшукаць да пачатку вылаву новага ўраджаю. Зарыбленне практычна завершанае. У пачатку траўня прыступім да кармлення рыбы ўраджаю 2024 года”, — удакладніў спікер.

Гаворачы аб спажыванні беларускай рыбы насельніцтвам, ён паведаміў, што “на сённяшні дзень попытам карыстаецца элітная рыба”, падкрэсліўшы, што гаворка ідзе аб карпе.

“Рознічная цана складае ад 7,7 да 8,5 рублёў, калі мы гаворым пра фірмовы раз’язны гандаль рыбаводных арганізацый. Сеткі, з улікам наяўнасці абмежаванняў, рэалізуюць прадукцыю коштам да 9,8 рублёў”, — адзначыў Заяц.

Пры гэтым рэнтабельнасць рыбы, паводле яго сцвярджэння, “мінімальная, не перавышае ў сярэднім па арганізацыі 5–6%, а па галіне вагаецца ў межах 3%”.

“Гэта звязана з наяўнасцю жорсткай канкурэнцыі тавараў іншых груп. 2023 год стаў рэкордным па здабычы рыбных рэсурсаў у Расіі. Мы таксама бачым, што ідзе арыентацыя РФ на рынак Беларусі. Цэны на асобныя пазіцыі, у тым ліку чырвоную рыбу, зніжаныя, таму павышэнне кошту ні да чаго добрага не прывядзе, акрамя таго, што знізіцца аб’ём вытворчасці”, — канстатаваў Заяц.

Пры гэтым ён адзначыў, што “ўсё ж такі наш карп — свежая рыба, не замарожаная”, а ў выпадку з расійскай “плячо дастаўкі, асабліва з далёкіх рэгіёнаў, не можа не аказваць уплыў на смак”.

Намеснік кіраўніка “Белводгаса” паведаміў, што ў 2023 годзе паслугі платнай рыбнай лоўлі прынеслі аб’яднанню “практычна 1 млн рублёў”. “Гэта менш за 5% ад агульнай выручкі, але мы рухаемся наперад”, — дадаў ён.

У Беларусі, паводле яго слоў, больш за 500 вадаёмаў, на якіх “арганізуецца платная лоўля рыбы”, “грамадзяне не заўсёды згодныя аплачваць паслугі рыбалкі, тым не менш гэтая сфера развіваецца”.

У склад ГА “Белводгас” уваходзіць 16 рыбаводных арганізацый, звярнуў увагу Заяц, “11 з іх аказваюць паслугі ў сферы платнай рыбалкі, вольнага часу”. Сезон платнай рыбалкі “ў асноўным доўжыцца з 1 красавіка да 1 кастрычніка”, паведаміў ён.

Паводле слоў прадстаўніка аб’яднання, “платная рыбалка — добрая дапамога для кожнага кіраўніка ў летнія месяцы для выплаты заработнай платы”.

“Асобныя арганізацыі цалкам закрываюць фонд заработнай платы за кошт паслуг платнай лоўлі рыбы, — удакладніў Заяц. — Паслугі <…> па рыбнай лоўлі недарагія. Кошт аднаго квітка ад 30 да 50 рублёў, уключае ў сябе аб’ём вылаву да 5 кг. Калі рыбак вылавіў больш, ўлоў можна выкупіць за асобную плату”.

Амаль 70% рыбы, вылаўленай у штучных вадаёмах Беларусі ў 2023 годзе спецыялізаванымі арганізацыямі, — карп (5.582,8 тоны), што робіць яго асноўным прамысловым відам у краіне, вынікае з інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У 2022 годзе рыбгасы вылавілі каля 5 тыс. тон карпа. Такім чынам, яго здабыча за год вырасла амаль на 12%.

Улоў таўсталобіка ў 2023 годзе склаў 552,8 т (у 2022-м — 950 т), амура — 314,3 т (266,4 т). Абодва гэтыя віды адносяцца да сямейства карпавых. Рыб сямейства ласосевых у мінулым годзе было вылаўлена 402,5 т (254,8 т), асятровых — 37,8 т (53,1 т), сомавых — 23,4 т (18,9 т).

Рыбгасы прадалі 7,2 тыс. т вылаўленай рыбы, у тым ліку насельніцтву — 3 тыс. т, гандлёвым арганізацыям — 2 тыс. т, на перапрацоўку было накіравана 1,6 тыс. т.

Усяго ў 2023 годзе прамысловым спосабам было вылаўлена 8.513 т рыбы. Праведзены Позіркам аналіз дадзеных Белстата паказаў,што за 10 гадоў вылаў знізіўся ў 1,7 раза (у 2013-м — 15.001, 9 т).

Падзяліцца: