Мінск 10:57

Дзярждэп ЗША: У беларусаў няма магчымасці мірна змяніць уладу на выбарах

Крыніца: сайт Дзярждэпу ЗША

24 красавіка, Позірк. На шэраг “важных праблем” у Беларусі звярнула ўвагу ў сваім дакладзе бюро па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Дзяржаўнага дэпартамента ЗША.

У дакуменце, апублікаваным на сайце амбасады Злучаных Штатаў у Беларусі, адзначаецца “вартая даверу інфармацыя” аб “катаваннях, жорсткім, бесчалавечным або прыніжаючым годнасць абыходжанні” з грамадзянамі з боку сілавых структур, аб “суровых і небяспечных для жыцця ўмовах утрымання ў турмах”, аб адвольных арыштах і затрыманнях, а таксама аб “сур’ёзных праблемах з незалежнасцю судовай сістэмы”.

Бюро Дзярждэпу звяртае ўвагу на “транснацыянальныя рэпрэсіі супраць асобных людзей у іншай краіне”, выпадкі “адвольнага і незаконнага ўмяшання ў прыватнае жыццё” грамадзян, “пакарання членаў сем’яў” рэпрэсаваных.

У дакладзе асуджаецца ўдзел Беларусі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны, а таксама “істотныя абмежаванні свабоды выказвання меркаванняў і свабоды СМІ”.

У дачыненні да журналістаў незалежных медыя, адзначае бюро, беларускія ўлады выкарыстоўваюць “гвалт або пагрозы гвалту”, “неабгрунтаваныя арышты, судовыя пераследы, цэнзуру”, а таксама “прымяненне законаў аб крымінальнай адказнасці за паклёп, накіраваных на абмежаванне выказвання меркаванняў”.

Таксама маюць месца “сур’ёзныя абмежаванні свабоды інтэрнэту, умяшанне ў свабоду мірных сходаў і свабоду асацыяцый”, у тым ліку з выкарыстаннем рэпрэсіўных законаў у дачыненні да няўрадавых арганізацый і арганізацый грамадзянскай супольнасці.

“Пасля выбарчай кампаніі 2020 года”, заяўляецца дакуменце, улады сталі абмяжоўваць “свабоду перамяшчэння і пражывання на тэрыторыі Беларусі”, “права на выезд з краіны”.

Паказваецца на “немагчымасць грамадзян мірна змяніць уладу шляхам свабодных і справядлівых выбараў”.

Таксама бюро адзначыла факты карупцыі ва ўладзе, прыгнёт нацыянальных і міжнародных праваабарончых арганізацый, “масавы гендарны гвалт”, уключаючы “хатні гвалт або гвалт з боку інтымнага партнёра”, гандаль людзьмі і прымусовую працу, абмежаванне правоў сексуальных меншасцяў і г.д.

“Урад не распачаў вартых даверу крокаў па выяўленні і пакаранні службовых асоб, якія маглі здзяйсняць парушэнні правоў чалавека. Улады на ўсіх узроўнях у цэлым дзейнічалі беспакарана па ўказанні аўтарытарнага лідара Аляксандра Лукашэнкі”, — падкрэсліваецца ў дакладзе.

Падзяліцца: