Мінск 21:12

БМЗ пасля “некаторых перабояў” з сыравінай на 11% павялічыў вытворчасць сталі — намеснік дырэктара прадпрыемства

Крыніца: БМЗ

25 красавіка, Позірк. Беларускі металургічны завод (Жлобін, Гомельская вобласць) у першым квартале 2024 года выплавіў амаль 530 тыс. тон сталі, заявіў намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства па знешнеэканамічных сувязях, збыце і кіраванні тавараправоднай сеткай Уладзімір Чавус.

У сакавіку, паводле яго слоў, аб’ём вытворчасці сталі павялічыўся на 11,4% у гадавым вымярэнні і перавысіў 220 тыс. тон.

“Гэта досыць высокія лічбы, якія кажуць пра тое, што завод знайшоў свой шлях, цвёрда стаіць на нагах, працягвае працаваць і выконваць пастаўленыя задачы. Пры гэтым уся вырабленая прадукцыя адгружаецца спажыўцам практычна адразу”, — цытуе намесніка дырэктара прэс-служба БМЗ.

Ён сцвярджае, што “сталеплавільная вытворчасць загружаная цалкам”: “У пачатку года былі некаторыя перабоі, звязаныя з забеспячэннем сыравінай, але ў сакавіку гэтыя пытанні вырашылі. На сёння завод мае запас металалому, што дае магчымасць спланаваць вытворчасць па ўсіх перадзелах”.

“За першы квартал выраблена больш за 42 тыс. тон метызнай прадукцыі, — дадаў Чавус. — Перадзелы ў гэтым кірунку загружаныя яшчэ не цалкам, але правёўшы шэраг перамоваў з расійскімі партнёрамі, мы можам сказаць, што доля нашай прысутнасці на расійскіх шынных камбінатах няўхільна расце”.

Паводле пераканання намесніка дырэктара, “дасягнуць такіх вынікаў шмат у чым удалося дзякуючы высокаму ўзроўню якасці прадукцыі, у тым ліку металапракату і катанкі”.

“Па выніках першага квартала на 9,4% павялічылася выручка. За сакавік гэты паказчык вырас да 14,5%. У цэлым мы працуем з чыстым прыбыткам, тэмпы росту і эканоміка ў нас станоўчыя”, — заявіў Чавус.

Беларускі металургічны завод знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюза, ЗША, Украіны і іншых дэмакратычных краін.

Падзяліцца: