Мінск 21:06

38 гадоў таму здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС

Архіўнае фота разбуранага 4-га энергаблока ЧАЭС
Крыніца: УНІАН

26 красавіка, Позірк. Роўна 38 гадоў таму, 26 красавіка 1986 года ў 1:23, здарылася найбуйнейшая ў гісторыі чалавецтва тэхнагенная катастрофа — аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.

Нягледзячы на тое, што АЭС размешчана ва Украіне, больш за 70% радыенуклідаў, якія вызваліліся ў выніку разбурэння рэактара чацвёртага энергаблока, асела ў Беларусі.

Паводле даных Дэпартамента ядзернай і радыяцыйнай бяспекі МНС (Дзяржатамнагляд), за мінулы пасля аварыі час плошча забруджвання цэзіем-137, на які прыпадае 90% дозавай нагрузкі на жыхароў Беларусі, зменшылася ў 1,8 раза і цяпер складае 25,5 тыс. кватдатных кіламетраў (12% тэрыторыі краіны).

Узровень забруджвання цэзіем-137 звыш 1 Кі/км2 па-ранейшаму фіксуецца на 1,5 млн гектараў лясоў (больш за 15% фонду) і 819 тыс. га сельгасугоддзяў (каля 11%).

Адразу пасля аварыі ў зоне радыеактыўнага забруджвання апынулася 3.678 населеных пунктаў (479 спыніла існаванне) з 2,2 млн жыхароў. Цяпер, паводле інфармацыі Дзяржатамнагляду, у гэтай зоне знаходзіцца 2.022 населеныя пункты (-45%), у якіх пражывае 930 тыс. чалавек (-58%), у тым ліку 185 тыс. дзяцей.

Штогод 26 красавіка прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці праводзілі ў Мінску “Чарнобыльскі шлях” — дазволенае ці несанкцыянаванае шэсце ў цэнтры горада, якое традыцыйна завяршалася мітынгам.

Выключэннямі сталі 2011 год (улады забаранілі шэсце), 2019-ы (арганізатары адмовіліся ад акцыі праз умовы Мінгарвыканкама), 2020-ы (арганізатары адмовіліся праз пандэмію COVID-19), 2021-й (улады забаранілі акцыю праз каранавірус і нібыта дапушчаныя заяўнікамі парушэнні), 2022-й (улады забаранілі шэсце на падставе непакою пра бяспеку дарожнага руху і працу грамадскага транспарту).

З 2023 года акцыі, беларускія прымеркаваныя да гадавіны катастрофы на ЧАЭС, праходзяць за мяжой.

Сёлета 26 красавіка мемарыяльныя мерапрыемствы пройдуць у Літве (ускладанне кветак да помніка “Маці Чарнобыля” ў вільнюскім парку Сапегаў — 12:00 паводле мінскага часу), Польшчы (шэсце ад помніка Каперніку ў Варшаве — 18:30; акцыя ля ганебнага слупа на Рынкавай плошчы Уроцлава — 19:00; акцыя ў скверы Вольнай Беларусі ў Беластоку — 19:00), ЗША (акцыя ля штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку — 19:30).

27 красавіка адбудуцца акцыі ў Бельгіі (плошча Альберціна ў Бруселі — 15:00), ЗША (талака ў Sam Leone Beach Park у Чыкага — 18:00).

Падзяліцца: