Мінск 05:23

У красавіку краіны ЕС спынілі на траціну больш спробаў пранікнення нелегалаў з Беларусі, чым за ўвесь першы квартал

Фота: Straż Graniczna

2 траўня, Позірк. 6.327 спробаў пранікнення нелегалаў з тэрыторыі Беларусі спынілі ў красавіку суседнія краіны Еўрапейскага саюза. Гэта на 49,3% больш, чым у сакавіку (4.238), на 32% больш, чым за ўвесь першы квартал 2024 года (4.792), і на 15,6% больш за месячны рэкорд 2023 года (5.474 у кастрычніку), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз звестак памежных службаў.

Польшча прадухіліла 5.460 спробаў (+58,8% да сакавіка, +40,7% да першага квартала), Латвія — 820 (+18% да сакавіка, +5,8% да першага квартала), Літва — 47 (-55,2% да сакавіка, -65,4% да першага квартала).

29 красавіка польская памежная служба папярэдзіла 209 спробаў пранікнення нелегалаў, латвійская — 34, 30 красавіка — адпаведна 154 і 37. На беларуска-літоўскай мяжы апошнія чатыры красавіцкія дні было спакойна.

За чатыры месяцы 2024 года суседнія краіны ЕС спынілі 11.119 спробаў пераходу мяжы нелегаламі, якія прыбылі ў Беларусь з трэціх краін (Польшча — 9.341, Латвія — 1.595, Літва — 183). Гэта на 3% больш, чым у студзені — красавіку 2023 года (10.800).

1 траўня Літва спыніла 2 спробы незаконнага пранікнення з беларускай тэрыторыі, Латвія — 29. Польская памежная служба звесткі пакуль не апублікавала.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года.

Падзяліцца: