Мінск 14:11

Золатавалютныя рэзервы Беларусі за месяц павялічыліся на 1,1%

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

7 траўня, Позірк. Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі (ЗВР) на 1 траўня склалі 8 млрд 441,5 млн долараў, павялічыўшыся за месяц на 89 млн долараў (1,1%), вынікае з папярэдніх звестак Нацыянальнага банка.

ЗВР у манетарным золаце павялічыліся на 160 млн долараў (4 млрд 3,8 млн).

Кошт рэзерваў па спецыяльных правах запазычання (СДР) паменшыўся на 3,2 млн (1 млрд 366,9 млн).

Вага замежнай валюты ў рэзервах таксама стала меншай — на 67,8 млн (3 млрд 70,7 млн).

Рэзервовая пазіцыя ў МВФ як і іншыя актывы засталіся ранейшымі — 0,03 млн і 0,1 млн долараў адпаведна.

У студзені золатавалютныя рэзервы скараціліся на 33,9 млн долараў (-0,4%), у лютым выраслі на 125,1 млн (+1,5%), у сакавіку — на 133,9 млн долараў (+1,6%).

На 1 студзеня 2023 года ЗВР складалі 7 млрд 929,5 млн долараў, 1 лютага — 8 млрд 142,8 млн, 1 сакавіка — 7 млрд 769,5 млн, 1 красавіка — 8 млрд 98,6 млн, 1 траўня — 7 млрд 968,2 млн, 1 чэрвеня — 7 млрд 872,1 млн, 1 ліпеня — 7 млрд 791,5 млн, 1 жніўня — 7 млрд 973,5 млн, 1 верасня — 7 млрд 991,2 млн, 1 кастрычніка — 7 млрд 925 млн, 1 лістапада — 8 млрд 147,1 млн, 1 снежня — 8 млрд 255,6 млн; 1 студзеня 2024 — 8 млрд 127,4 млн, 1 лютага — 8 млрд 93,5 млн, 1 сакавіка — 8 млрд 218,6 млн).

Згодна з важнейшымі прагнознымі (дэ-факта планавымі) параметрамі развіцця краіны на 2024 год, зацверджанымі Аляксандрам Лукашэнкам 2 кастрычніка 2023 года ўказамі № 307 і 308, міжнародныя рэзервовыя актывы на канец года павінны скласці не менш як 6 млрд долараў.

Падзяліцца: