Мінск 00:26

BelPol: Дырэктары дзяржпрадпрыемстваў зарабляюць у разы больш за рабочых — некаторыя амаль 19 тыс. рублёў

Крыніца: freepik.com

8 траўня, Позірк. Аб’яднанне былых сілавікоў BelPol апублікавала 8 траўня звесткі аб заробках кіраўнікоў некаторых прадпрыемстваў, падкантрольных Міністэрству прамысловасці.

Сцвярджаецца, што інфармацыя актуальная на канец 2023 года, даныя прыведзеныя да выліку падаткаў.

З публікацыі вынікае, што самы вялікі заробак атрымлівае дырэктар Беларускага металургічнага завода (Жлобін, Гомельская вобласць) — 18.701,72 рубля. Пры гэтым сярэдні заробак на прадпрыемстве — 2.388,41 рубля (у кіраўніка ў 7,8 раза больш).

Заробак дырэктара БелАЗа (Жодзіна, Мінская вобласць) — 18.468,76 рубля (2.448,2; у 7,5 разаы).

У першую пяцёрку таксама ўваходзяць кіраўнікі “Белдругчормета” — 15.759,77 рубля (3.575,8; 4,4), Мінскага механічнага завода ім. С.І. Вавілава — кіруючай кампаніі холдынгу “БелОМА” — 15.277,9 (1.954,35; 7,8) і Мінскага электратэхнічнага завода ім. В.І.Казлова” — 14.790,05 (2.042,3; 7,2).

Далей ідуць кіраўнікі “Гомсельмаша” — 14.762,55 рубля (2.139,02; 6,9), МТЗ — 13.936,7 (2.068,3; 6,7), “Интэграла” — 13.677,6 (2.396,1; 5,7), “Гарызонту” — 12.561,3 (1.698,7; 7,4), Мінскага маторнага завода — 13.141,1 (1.972,25; 6,7), МАЗа — 12.252,32 (1.951,2; 6,3), “Планара” (Мінск) — 12.137,14 (2.453,1; 5), “Атланта” (Мінск, Баранавічы, Брэсцкая вобласць) — 12.001,55 (1.735,12; 6,9), “Магілёўліфтмаша” — 11.918,4 (1.791,15; 6,7), БАТЭ — кіруючая кампанія холдынгу “Аўтакампаненты” (Барысаў, Мінская вобласць) — 11.189,2 (1.731,1; 6,5), ” Беларускабеля” (Мазыр, Гомельская вобласць) — 10.063,13 (1.740,93; 5,8).

Не дацягнулі да 10 тыс. дырэктары Аршанскага станкабудаўнічага завода “Чырвоны змагар” (Віцебская вобласць) — 9.475,22 рубля (1.838,66; 5,1), прадпрыемстваў “Белпрамімпэкс” (Минск) — 9.335,06 (3.012,58; 3,1), “Бабруйскаграмаш” (Магілёўская вобласць) — 8.166,7 (1.364,1; 6), Цэнтра выпрабаванняў і сертыфікацыі “Белліс” (Мінск) — 7.895,7 (2.980,3; 2,7), Гомельскага ліцейнага завода “Цэнтраліт” — 7.879,76 (1.660,6; 4,8), Інстытута “Беларгстанкінпрам” (Мінск) — 7.029,7 (2.223,4; 3,2), “Віцязя” (Віцебск) — 6.193,97 (1.239,48; 5), Гродзенскага завода такарных патронаў “БелТАПАЗ” — 6.463,3 (1.601, 88; 4), Баранавіцкага завода станкапрыладаў — 5.852,9 (1.592,3; 3,7), Пружанскага завода радыёдэталяў (Брэсцкая вобласць) — 5.004,32 (1.599,18; 3,1).

BelPol падкрэслівае, што некаторыя з прадпрыемстваў са спісу з’яўляюцца стратнымі.

Удакладняецца, што заробак дырэктараў прадпрыемстваў фарміруецца з тарыфнага акладу, надбаўкі за заключэнне кантракта (50% акладу), надбаўкі за “складанасць працы” (150% акладу), прэміі (300% акладу), гадавых бонусаў (да 12 акладаў) і іншых стымулюючых выплат.

Паводле звестак Белстата, запасы гатовай прамысловай прадукцыі на складах на 1 красавіка 2024 года склалі 9 млрд 256 млн 778 тыс. рублёў. З пачатку года яны павялічыліся на 3,3% (на 1 студзеня 2024-га — 8 млрд 959 млн 749 тыс.), у гадавым вымярэнні — на 2,3% (9 млрд 49 млн 450 тыс.).

Падзяліцца: