Мінск 20:55

Дзяржпагранкамітэт абвінаваціў польскіх калег у збіцці і вытурэнні ў Беларусь пяцярых грамадзян Самалі

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Памежнай аховы Польшчы

18 траўня, Позірк. У збіцці і вытурэнні ў Беларусь пяцярых грамадзян Самалі абвінаваціў “польскіх сілавікоў” Дзяржаўны пагранічны камітэт.

Сцвярджаецца, што групу замежнікаў знайшлі на мяжы з Польшчай 17 траўня. Беларускія пагранічнікі, як паведамляе прэс-служба ведамства, аказалі ім першую дапамогу, выклікалі медыкаў і следча-аператыўную групу.

У мігрантаў, дыягнаставалі “траўмы ног і ранкі”. Траіх з іх шпіталізавалі, астатніх перадалі супрацоўнікам Камянецкага раённага аддзела Следчага камітэта (Брэсцкая вобласць) — “для правядзення расследавання”.

“Паводле слоў замежнікаў, яны былі затрыманыя на тэрыторыі Польшчы і прасілі пра наданне прытулку. Адказам польскіх сілавікоў сталі шматлікія ўдары і прымяненне спецыяльных сродкаў. Пасля збітых мужчын жорстка выштурхнулі праз брамку ў загародзе на беларускі бок”, — гаворыцца ў паведамленні Дзяржпагранкамітэта.

Паводле інфармацыі ведамства, з 2021 года на мяжы з краінамі Еўрасаюза зафіксавана 54 смерці замежнікаў, у тым ліку з Польшчай — 25 (4 ад пачатку гэтага года), Латвіяй — 20, Літвой — 9.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін Еўрасаюза цягнецца з вясны 2021 года. Улады Польшчы і краін Балтыі абвінавачваюць у яго арганізацыі рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Мінск у сваю чаргу ўскладае адказнасць на заходнія дзяржавы і іх дзеянні ў родных краінах мігрантаў.

З пачатку гэтага года краіны ЕС спынілі каля 15,3 тыс. спробаў нелегальнага пранікнення з тэрыторыі Беларусі, у тым ліку Польшча — 13,3 тыс.

Падзяліцца: