Мінск 02:34

Лукашэнка чакае ад Магаданскай вобласці РФ паставак рыбы па “адэкватных цэнах”

Рыбы Ахоцкага мора, да якога выходзіць Магаданская вобласць РФ
Ілюстрацыйнае фота: fotobase.co / Вадзім Смірноў

20 траўня, Позірк. Беларусь не дзеліць расійскія рэгіёны на “аддаленыя і неаддаленыя”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 20 траўня ў Мінску на сустрэчы з губернатарам Магаданскай вобласці РФ Сяргеем Носавым.

Паводле слоў Лукашэнкі, якія прыводзіць яго прэс-служба, Беларусь бачыць “добры патэнцыял” для “нарошчвання паставак кар’ерных самазвалаў”, з улікам “найбагацейшай рэсурснай прыроднай базы Магаданскай вобласці” і планаў гэтага суб’екта РФ “па асваенні новых радовішчаў каляровых металаў”.

Ён прапанаваў прапрацаваць варыянты стварэння на базе гомельскага завода “Крышталь” сумеснай вытворчасці — на магаданскай сыравіне.

Акрамя таго, Лукашэнка лічыць, што пры “комплекснай забудове ў Магадане пасля адпаведнай адаптацыі магчыма выкарыстанне беларускай праектнай дакументацыі на ўзвядзенне аб’ектаў адукацыі, спартыўнага, гандлёвага прызначэння, шматфункцыянальных комплексаў і ўсіх інжынерных камунікацый”.

Беларусь, адзначыў ён, можа прапанаваць “найшырэйшую гаму кабельнай прадукцыі і трансфарматараў” для праектаў па будаўніцтве Усць-Сярэдняканскай ГЭС і ліній электраперадачы.

“Акрамя якасных прадуктаў харчавання гатовыя пастаўляць вам мэблю, тэкстыль, дываны, абутак, бытавую хімію, касметыку, — прапанаваў Лукашэнка. — У нас дастаткова першакласных прадпрыемстваў, якія гатовы падзяліцца кампетэнцыямі ў перапрацоўцы малака і стварэнні смачнай, карыснай і якаснай прадукцыі працяглага тэрміну захоўвання. Магаданскі край багаты на рыбу і морапрадукты, якіх у беларусаў на стале не так шмат, а попыт ёсць. Толькі патрэбныя прамыя пастаўкі і адэкватныя цэны”.

Таксама запатрабаванымі павінны быць санаторны адпачынак і медыцынскія паслугі, якія ў Беларусі “на высокіх стандартах пры даступных цэнах”.

24 красавіка на сёмым Усебеларускім народным сходзе ў Мінску Лукашэнка заявіў, што “ў гады станаўлення суверэннай Беларусі” жыхары краіны “харчаваліся бульбай і хлебам”, а “мяса і рыба былі святочнымі стравамі”, “бананы і мандарыны ўвогуле бачылі раз на год, і то не ўсё”.

Арганізацыі ДА “Белвадгас” у 2023 годзе вырасцілі больш за 10,5 тыс. тон рыбы з “тэмпам росту 110%”, заявіў на прэс-канферэнцыі 23 красавіка намеснік генеральнага дырэктара аб’яднання Дзяніс Заяц.

Кажучы пра спажыванне беларускай рыбы насельніцтвам, ён паведаміў, што “на сённяшні дзень попытам карыстаецца элітная рыба”, падкрэсліўшы, што гаворка ідзе пра карпа.

Усяго ў 2023 годзе прамысловым спосабам было вылаўлена 8.513 т рыбы. Праведзены “Позіркам” аналіз даных Белстата паказаў, што за 10 гадоў вылаў знізіўся ў 1,7 раза (у 2013-м — 15.001,9 т).

Падзяліцца: