Мінск 07:59

Ціханоўская: Беларусы — гордая еўрапейская нацыя з унікальнай культурай і гісторыяй

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

21 траўня, Позірк. Беларусь доўга была “ў цені імперыі”, “амаль страціла незалежнасць і нацыянальную ідэнтычнасць”, але “нават у самыя змрочныя часы” людзі “знаходзілі сілы змагацца”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 21 траўня ў вітальнай прамове на адкрыцці Стакгольмскай канферэнцыі па Беларусі.

“Мы выжылі і адрадзіліся. Так будзе і цяпер”, — цытуе палітыка яе прэс-служба.

Паводле слоў Ціханоўскай, “доўгія гады многія краіны ўспрымалі Беларусь як дадатак Расіі” — “так больш не будзе”.

“Мы гордая еўрапейская нацыя з унікальнай культурай, гісторыяй, героямі і марамі”, — сказала дэмлідар.

Яна падкрэсліла, што “ўсе дыктатуры падаюць”, звычайна так адбываецца, “калі гэтага ніхто не чакае”. “Мы не можам прадказаць, як і калі адбудуцца перамены, але мы можам падрыхтавацца да іх і наблізіць іх”, — дадала дэмлідар.

Ціханоўская заклікала “дапамагаць беларускай грамадзянскай супольнасці, незалежным медыя, праваабаронцам і шматлікім ініцыятывам”.

“Падтрымайце ўсіх тых беларусаў, якія працягваюць працаваць на карысць перамен. Журналістаў, якія вядуць няроўную барацьбу з прапагандай. Праваабаронцаў, якія збіраюць доказы злачынстваў рэжыму. Культурныя ініцыятывы, якія спрыяюць умацаванню нацыянальнай ідэнтычнасці. Дапамажыце з легалізацыяй ўсім, хто быў вымушаны з’язджаць з краіны. Многія беларускія арганізацыі спрабуюць працаваць у эміграцыі, і ім таксама патрэбная дапамога”, — падкрэсліла яна.

21 траўня ў Стакгольме Ціханоўская таксама сустрэлася з прадстаўнікамі беларускай дыяспары. Прамову, якую яна сказала, прэс-служба назвала “эмацыйнай”.

“Я вось думаю: калі так баліць дарослым, уявіце, як баліць нашым дзецям. Мая дачка пры адным згадванні імя таты пачынае плакаць. Мне баліць ад думкі, што праз нейкі час яна можа забыцца яго голас ці як ён выглядае. Таму спецыяльна на сценах у яе пакоі я павесіла фатаграфіі Сяргея”, — сказала палітык.

“Боль паралізуе, — дадала яна. — Таму я імкнуся ператвараць яе ў энергію. Я разумею, што аднымі сваімі перажываннямі я не дапамагу палітвязням. А яны, хто там у засценках, разлічваюць на нас”.

На думку Ціханоўскай, “самы вялікі страх” у зняволенні — гэта “страх быць забытым”, і “менавіта на гэта рэжым разлічвае”.

“Бо калі ты адчуваеш падтрымку і салідарнасць — гэта дае сілы змагацца. Ты ведаеш, што твае пакуты не марныя, што справа, для якой ты ахвяраваў свабодай, — жыве”, — заявіла дэмакратычны лідар.

Раней паведамлялася, што канферэнцыя, якую арганізуе Стакгольмскі цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў (SCEEUS), МЗС Швецыі і Шведскі інстытут міжнародных стасункаў, пройдзе 21–22 траўня. Яе пачатак прымеркаваны да Міжнароднага дня салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі. Чакаецца, што форум стане платформай “для дэманстрацыі падтрымкі дэмакратычнага руху” і “забеспячэння высокага прыярытэту тэмы Беларусі ў еўрапейскім парадку дня”.

“Канферэнцыя будзе прысвечаная важнасці нацыянальнай ідэнтычнасці, культуры і мовы для краіны, значная частка насельніцтва якой жыве ў выгнанні, — заявілі арганізатары. — Тэмы будуць уключаць еўрапейскую будучыню [для Беларусі], ролю нацыянальнай ідэнтычнасці, мовы і культуры, а таксама патэнцыял для працвітання беларускай эканомікі і дэмакратыі”.

Таксама будзе разгледжана сітуацыя з беларускімі палітвязнямі.

Апрача ўдзелу ў канферэнцыі дэмлідар, паводле інфармацыі яе прэс-службы, правядзе сустрэчы з прэм’ер-міністрам Швецыі Ульфам Крыстэрсанам, спікерам Рыксдага (парламента) Андрэасам Норленам, міністрам замежных спраў Тобіясам Більстромам і міністрам і па справах ЕС Есікай Росваль, а таксама з парламенцкай “групай сяброў Беларусі”.

Падзяліцца: