Мінск 04:12

Латушка: Польшча захоўвае падыход максімальнага садзейнічання беларускай грамадзянскай супольнасці

Крыніца: старонка Латушкі ў "Фэйсбуку"

22 траўня, Позірк. Польшча “захоўвае падыход максімальнага садзейнічання беларускай грамадзянскай супольнасці”, такім чынам намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Павел Латушка пракаментаваў вынікі перамоў з дырэктарам консульскага дэпартамента МЗС Польшчы (згодна з інфармацыяй на ўрадавым партале, пасаду займае Юстына Хжаноўска).

Пасля сустрэчы беларускі палітык, якога цытуе прэс-служба АПК, зрабіў наступную выснову: ўрад Польшчы датрымліваецца гэтай пазіцыі, “нягледзячы на тое, што прымае актыўныя дзеянні для ўзмацнення бяспекі як на знешніх межах, так і ўнутры краіны”.

Паводле яго слоў, Варшава “будзе распрацоўваць змены ў візавым заканадаўстве” — для “стварэння адзіных нормаў” і “каб консулы разумелі, як дзейнічаць”. “Працу над новым законам плануюць пачаць у чэрвені, — паведаміў Латушка. — У жніўні ён будзе апублікаваны на партале заканадаўчых актаў Польшчы. Пасля гэтага будзе магчымасць уносіць нашыя прапановы ў рамках грамадскай дыскусіі. Важна, каб мы аб’ядналіся і ўнеслі комплексныя прапановы”.

Палітык адзначыў, што гуманітарныя візы па-ранейшаму выдаюцца “толькі адзін раз і толькі грамадзянам Беларусі, у якіх ёсць рызыка затрымання, арышту ці ўзяцця пад варту”. “Гэта значыць тым, каму патрэбная тэрміновая дапамога, каб з’ехаць з краіны. У нас працуе дастаткова эфектыўная дарожка візавай падтрымкі ў такіх выпадках”, — падкрэсліў ён.

Латушка паведаміў, што міжнародную абарону ў Польшчы атрымала больш за 8.100 грамадзян Беларусі. Дырэктара консульскага дэпартамента МЗС, сцвярджае намеснік кіраўніцы АПК, на сустрэчы запэўніла, што беларускія грамадзяне маюць права звярнуцца да польскага консула ў іншай краіне, калі нешта здарыцца з дакументамі аб статусе міжнароднай абароны і трэба вярнуцца ў Польшчу для іх аднаўлення. З іншай консульскай дапамогай “ёсць пэўныя цяжкасці”, але МЗС, паводле слоў палітыка, “гатовы разглядаць індывідуальныя выпадкі”.

Праблемы, якія ўзніклі ў выніку закрыцця праграмы Poland Business Harbour, заявіў Латушка, “будуць абмяркоўвацца пасля завяршэння праверкі Вышэйшай кантрольнай палатай у МЗС Польшчы з удзелам двух міністэрстваў” — фондаў і рэгіянальнай палітыкі, а таксама сям’і, працы і сацпалітыкі.

Падзяліцца: