Мінск 21:05

Ерэван не называе краіны АДКБ, якія аказалі дапамогу Азербайджану ў вайне супраць Арменіі

Крыніца: сайт ПА АДКБ

24 траўня, Позірк. “Дадаць няма чаго”, — такім чынам Назэлі Багдасаран, прэс-сакратар прэм’ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна, адказала 24 траўня на просьбу медыя Pastinfo назваць краіны Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), якія, паводле сцвярджэння кіраўніка ўрада, толькі імітавалі падтрымку Ерэвана.

22 траўня ў парламенце Пашынян заявіў: “У падрыхтоўцы 44-дзённай вайны 2020 года ўдзельнічалі не з нашага боку нашы саюзнікі. Я ведаю як мінімум дзве краіны — члена АДКБ, якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы вайны супраць нас. Гэтыя краіны, магчыма, стваралі імітацыю дапамогі нам”. Паводле яго слоў, вайна з Азербайджанам была “не праз Нагорны Карабах”, а “пра тое, каб Арменія нічога з сябе не ўяўляла”, яе мэтай было “спыненне існавання Арменіі”.

З прычыны гэтых слоў Расія адклікала свайго амбасадара з Арменіі, афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава заявіла, што Маскве цікава даведацца, пра якія краіны казаў Пашынян.

44-дзённай вайной Ерэван называе ваенныя дзеянні Азербайджана супраць Арменіі і самаабвешчанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі (НКР) увосень 2020 года. Тады канфлікт быў спынены пры пасярэдніцтве Расіі. Праз тры гады Баку правёў у Нагорным Карабаху “антытэрарыстычныя мерапрыемствы лакальнага характару”, у выніку якіх рэгіён цалкам перайшоў пад яго кантроль, а НКР спыніла існаванне.

Арменія раскрытыкавала АДКБ за адсутнасць падтрымкі і замарозіла членства ў арганізацыі.

14 траўня 2024 года Пашынян адзначыў, што яго краіна “фармальна з’яўляецца членам АДКБ”, далейшае членства — “тэма для далейшага абмеркавання”.

Афіцыйны Мінск актыўна наладжвае стасункі з азербайджанскім бокам. 16 траўня падчас перамоў у Баку Лукашэнка прапанаваў прэзідэнту Азербайджана Ільхаму Аліеву садзейнічанне ў пасляваенным аднаўленні тэрыторый Нагорнага Карабаха. 17 траўня ён наведаў гэты рэгіён. Агледзеў горад Фізулі, які знаходзіцца пад кантролем Баку з кастрычніка 2020 года, у суправаджэнні Аліева “азнаёміўся з новым аэрапортам”. Потым Лукашэнка наведаў Шушу, падарыў гораду “трактарную тэхніку”.

Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы — ваенна-палітычны блок, мэтамі якога заяўлены “ўмацаванне міру, міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці, абарона на калектыўнай аснове незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту дзяржаў-членаў”. У яго ўваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан.

Падзяліцца: