Мінск 12:10

Лукашэнка ўскосна абвінаваціў ЗША ў гібелі прэзідэнта Ірана Раісі

Месца крушэння верталёта Раісі
Фота: Iran International

24 траўня, Позірк. “Нягоднікамі”, якія “не мелі права” ўводзіць санкцыі супраць паветраных суднаў, назваў Злучаныя Штаты Амерыкі Аляксандр Лукашэнка 24 траўня ў Мінску падчас размовы са СМІ пасля перагавораў з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным.

“Яны ж увялі санкцыі супраць судоў Расіі, супраць нас. Супраць майго, напрыклад, самалёта, — цытуе спікера яго прэс-служба. — Яны ж забаранілі і абслугоўваць [паветраныя судны] сваім кампаніям”.

На думку Лукашэнкі, нядаўняя гібель прэзідэнта Ірана Эбрахіма Раісі ў авіякатастрофе — гэта “іх віна ў тым ліку”: “Яны забаранялі абслугоўваць гэты верталёт. Гэта дакладна”. Лукашэнка ўпэўнены, што адказным за такія рашэнні “ён (меўся на ўвазе Бог. — “Позірк”.) дашле адказку”.

Разважаючы пра сітуацыю ва Украіне, Лукашэнка заявіў, што “глыбока аналізаваў для сябе” праблемы “з паўнамоцтвамі” Уладзіміра Зялонскага, чый прэзідэнцкі тэрмін мусіў завяршыцца 20 траўня, але той застаўся на сваёй пасадзе праз ваеннае становішча. Пуцін заявіў, што “легітымнасць дзейнага кіраўніка дзяржавы” ва Украіне скончылася, Лукашэнка з ім пагадзіўся.

“Там сёння і сярод вайскоўцаў, і сярод цывільных, якія жадаюць узначаліць краіну і павесці яе па-новаму на вайну і супраць вайны, дастаткова. Але сітуацыя развіваецца так, як развіваецца. Думаю, што гэты год шмат што вызначыць. Вельмі шмат. Пажывем пабачым. Мы нікуды не спяшаемся. Расія тым больш. У нас пазіцыя адзіная, мы не хаваем яе”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Эбрахім Раісі загінуў у выніку крушэння верталёта 19 траўня ў іранскай правінцыі Усходні Азербайджан. Разам з ім на борце былі кіраўнік МЗС Хасейн Амір-Абдалахіян, губернатар Усходняга Азербайджана Малек Рахмаці, прадстаўнік лідара Ісламскай рэвалюцыі ў гэтай правінцыі аятала Махамад Алі Але-Хашам і яшчэ некалькі чалавек. Крушэнне ніхто не перажыў.

Паведамлялася, што падчас здарэння быў моцны туман. Праз некалькі дзён пасля таго, што адбылося, іранскія СМІ заявілі, што прычынай крушэння магла стаць тэхнічная няспраўнасць.

Падзяліцца: