Мінск 15:03

Мінабароны Беларусі і Казахстана падпісалі пагадненне аб ваенных аэрадромах

Фота: "Ваяр" / Ян Гарбанюк

29 траўня, Позірк. Пагадненне аб арганізацыі прыёму, аэрадромна-тэхнічнага забеспячэння і аховы ваенных паветраных суднаў на аэрадромах Беларусі і Казахстана падпісалі 29 траўня ў Астане міністр абароны Віктар Хрэнін і яго казахстанскі калега Руслан Жаксылыкаў.

Дакумент падпісаны ў рамках візіту беларускага военачальніка ў Казахстан для ўдзелу ў чарговым пасяджэнні Савета міністраў абароны дзяржаў — членаў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ).

“Наша сустрэча, несумненна, дасць больш магчымасцей для прадметнага абмеркавання пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва Казахстана і Беларусі ў ваеннай сферы, — заявіў Хрэнін падчас размовы з Жаксалыкавым. — Падкрэслю, што па пытаннях, якія цікавяць казахстанскае войска, беларускія Узброеныя сілы гатовыя дзяліцца досведам”.

Прэс-служба Мінабароны Казахстана па выніках сустрэчы паведаміла, што Мінск і Астана актыўна займаюцца пытаннямі абароны і бяспекі ў рамках СНД, АДКБ і іншых міжнародных арганізацый. На перагаворах былі адзначаныя “высокія тэмпы рэалізацыі плана двухбаковага супрацоўніцтва”, адным з асноўных напрамкаў якога з’яўляецца вайсковая адукацыя.

“Казахстанскія афіцэры і курсанты вучацца ў беларускіх ваенных ВНУ, а ў Ваеннай акадэміі Беларусі хутка адкрыецца Глядзельная зала вайсковага мастацтва Казахстана”, — паведамляе ваеннае ведамства гэтай цэнтральнаазіяцкай краіны.

Казахстанская дэлегацыя на чале з Жаксылыкавым наведвала Беларусь у лістападзе 2023 года.

Беларусь і Казахстан — партнёры па Еўразійскім эканамічным саюзе і саюзнікі па АДКБ.

АДКБ — ваенна-палітычны блок, мэтамі якога заяўленыя “ўмацаванне міру, міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці, абарона на калектыўнай аснове незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту дзяржаў-членаў”. Апрача Беларусі і Казахстана ў яго ўваходзяць Арменія, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан.

Падзяліцца: