Мінск 15:30

Спецслужбы Беларусі і РФ рэалізуюць супраць Польшчы сумесную аперацыю “Прыліў” — Латушка

Скрыншот: PAP

29 траўня, Позірк. Спецслужбы Беларусі і Расіі праводзяць супраць Польшчы сумесную аперацыю пад назвай “Прыліў”, заявіў 29 траўня ў інтэрв’ю інфармагенцтву PAP кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ), намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Павел Латушка.

Паводле яго сцвярджэння, гэтая аперацыя з’яўляецца “развіццём папярэдняй аперацыі пад назвай “Шлюз”, якая праходзіла на першым этапе гібрыднай вайны 2021 года”.

“Паводле наяўнай у нас інфармацыі, у гэтым годзе група афганцаў прайшла падрыхтоўку на спецыяльнай базе спецпадраздзялення Асобнай службы актыўных мерапрыемстваў пагранічных войскаў Беларусі. Гэта некалькі дзясяткаў баевікоў, падрыхтаваных для далейшага перакідання на тэрыторыю Еўрасаюзу”, — сказаў Латушка.

Элементам аперацыі, паводле яго слоў, з’яўляецца таксама падрыхтоўка афіцэраў Галоўнага выведвальнага ўпраўлення Расіі і КДБ Беларусі, у тым ліку снайпераў, якія павінны пранікнуць на тэрыторыю ЕС з мэтай “страляць з боку Польшчы па тэрыторыі Беларусі”.

Латушка падкрэсліў, што мае “факты, якія сведчаць, што ў гэтым кірунку ўсё рухаецца”.

“Яны гатовыя пайсці на тое, каб застрэліць свайго ж памежніка або салдата, — дадаў ён. — За гэта адказвае начальнік Гродзенскага аддзялення КДБ <…>, які падпарадкоўваецца асабіста Лукашэнку і свайму начальніку Івану Церцелю, кіраўніку КДБ Беларусі”.

Паводле слоў кіраўніка НАУ, дэстабілізацыя сітуацыі на мяжы, уцёкі ў Беларусь былога суддзі і “шпіёна Шмыдта”, “вярбоўка беларусамі ў Варшаве польскіх грамадзян для ліквідацыі аднаго з лідараў расійскай апазіцыі (імаверна, маецца на ўвазе напад у Вільнюсе на паплечніка расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага Леаніда Волкава. — “Позірк”.) — гэта скаардынаваныя дзеянні спецслужбаў Беларусі і Расіі”.

Латушка звярнуў увагу, што напад мігранта з нажом на польскага войскоўца — “не адзінкавая правакацыя, а частка больш шырокай гібрыднай вайны”, якую рэжым Лукашэнкі вядзе супраць Польшчы “ўжо шмат гадоў”.

“Гэта частка абавязкаў Лукашэнкі, звязаных з вайной, якую Расія вядзе супраць Украіны. Перад ім пастаўленая задача дэстабілізаваць мяжу і зняважыць Польшчу”, — удакладніў палітык.

Раніцай 28 траўня польскі вайсковец падвергнуўся нападу мігранта, які спрабаваў у складзе вялікай групы незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі. Адзначалася, што іншаземец ударыў яго нажом.

Намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Чэслаў Мрочак адзначыў, што раненне сур’ёзнае, але жыццю вайскоўца нічога не пагражае. “Міграцыйны ціск расце, агрэсія гэтых людзей павялічваецца. Яны спрабуюць прарвацца праз мяжу вялікімі групамі, якія фарміруюцца пры падтрымцы беларускіх службаў”, — сказаў чыноўнік.

Пазней у той жа дзень прэм’ер-міністр Дональд Туск заявіў, што ў сувязі з гэтым здарэннем Польшча накіравала на ахову мяжы з Беларуссю дадатковыя сілы.

Наведваючы 29 траўня размяшчэнне польскіх памежнікаў у вёсцы Дубічы-Цэркаўне (каля Белавежскай пушчы) разам з віцэ-прэм’ерам — міністрам нацабароны Уладзіславам Касіняк-Камышам і кіраўніком МУС Томашам Семанякам, Туск паведаміў, што плануецца “як мага хутчэй” аднавіць 200-метровую буферную зону “дзе гэта неабходна для эфектыўнай працы польскіх дзяржслужбаў на мяжы”.

“Сумесна з Мінабароны, МУС і ўсім урадам мы прымем такое рашэнне ў пачатку наступнага тыдня”, — удакладніў палітык.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін Еўрасаюза працягваецца з вясны 2021 года. Улады Польшчы і краін Балтыі лічаць яго гібрыднай атакай, арганізаванай рэжымамі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.

З пачатку года краіны ЕС прадухілілі 17,8 тыс. спробаў мігрантаў незаконна перасекчы мяжу з беларускай тэрыторыі, у тым ліку Польшча — 15,5 тыс. Травень стаў рэкордным па актыўнасці нелегалаў.

Падзяліцца: