Мінск 13:41

ПП НС ратыфікавала пагадненне з В’етнамам аб узаемнай перадачы асуджаных да пазбаўлення волі

Крыніца: freepik.com

30 траўня, Позірк. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (ПП НС) 30 траўня ратыфікавала пагадненне паміж Беларуссю і В’етнамам аб узаемнай перадачы асуджаных асоб для далейшага адбыцця пакарання.

Як адзначае прэс-служба ПП НС, згодна з дакументам, “бакі на запыт перадаюць адзін аднаму асуджаных, якія адбываюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі за ўчыненне злачынстваў на тэрыторыі перадаючага боку, для адбыцця пакінутай часткі пакарання на тэрыторыі прымаючага боку”.

“Пытанні, звязаныя з выкананнем прысуду, будуць рэгулявацца ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам кожнага з бакоў. Бок можа прыняць рашэнне аб памілаванні, амністыі або змякчэнні пакарання, пра што інфармуецца іншы бок”, — гаворыцца ў паведамленні.

Згаданае пагадненне было падпісанае ў ліку іншых падчас візіту ў В’етнам прэм’ер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанкі, які адбыўся ў снежні мінулага года. Тады ж было падпісанае міжурадавае пагадненне аб адмене віз.

13 сакавіка 2023 года аналагічнае пагадненне аб перадачы асуджаных асоб было падпісанае паміж Беларуссю і Іранам. Яно ратыфікаванае беларускім бокам у кастрычніку таго ж года.

Падзяліцца: