Мінск 17:06

На першым пасяджэнні кааліцыя Латушкі і Губарэвіча абмеркавала змены ў рэгламенце КР

Фота: тэлеграм-канал кааліцыі "Каманда Латушкі і Рух "За свабоду"

2 чэрвеня, Позірк. Прапановы па зменах у рэгламент Каардынацыйнай рады абмеркавала на першым пасля выбараў афлайн-пасяджэнні кааліцыя “Каманда Латушкі і Рух “За свабоду”.

Пра гэта ўзначаленая Паўлам Латушкам і Юрыем Губарэвічам кааліцыя паведаміла 2 чэрвеня ў сваім тэлеграм-канале.

Адзначаецца, што на сустрэчы таксама абмяркоўваліся “падыходы па стварэнні агульных кааліцый” у новым складзе КР, “пытанні дапамогі беларускім добраахвотнікам, супрацоўніцтва з украінскімі дабрачыннымі арганізацыямі”, тэму фінансавай празрыстасці ў дзейнасці Каардынацыйнай рады.

Акрамя гэтага, гаворыцца ў паведамленні, удзельнікі кааліцыі абмяняліся думкамі адносна планаў “на бліжэйшыя дні і першых крокаў працы” ў КР, у тым ліку “лабіраванне палягчэння візавай палітыкі, стварэння камісіі па адказнасці, сістэмы правасуддзя, стварэння камісіі па палітвязнях”.

Таксама было абмеркаванае фарміраванне ў КР пастаянных камітэтаў і рабочых груп і непасрэдна “зацікаўленасць членаў кааліцыі ў працы ў канкрэтных камітэтах”.

Паведамляецца, што “кааліцыянтамі дасягнутыя дамоўленасці, якіх будуць прытрымлівацца ўсе члены кааліцыі падчас першых галасаванняў у Каардынацыйнай радзе”.

29 траўня ў інтэрв’ю расійскаму журналісту Ігару Якавенку Латушка заявіў, што на канферэнцыі “Новая Беларусь” 3–4 жніўня ў Вільнюсе магчымае прыняцце рашэнняў аб “перафарматаванні Аб’яднанага пераходнага кабінета”. “Да гэтага часу будзе сфарміраванае кіраўніцтва КР, таму мы цяпер працуем над канстытуцыяй, якая б размеркавала функцыі, адказнасць, абавязкі ўсіх трох інстытутаў”, — сказаў Латушка, маючы на ўвазе КР, АПК і офіс Святланы Ціханоўскай.

На яго думку, ва ўзаемаадносінах дэмсіл “заўсёды існуюць, можа быць, нейкія праблемныя пытанні”, але пры гэтым маецца “ўзаемадзеянне і разуменне, што гэтыя тры інстытуты павінны максімальна ўзаемадзейнічаць”.

“КР, на мой погляд, павінен узмацняць у тым ліку [Ціханоўскую]. З улікам таго, што пяцігадовы тэрмін у 2025 годзе набліжаецца, і для нас моцная КР, якая падтрымлівае інстытуцыялізацыю, вельмі важная”, — сказаў палітык, кі з’яўляецца намеснікам кіраўніка АПК.

28 траўня Ціханоўская заявіла, што Каардынацыйная рада трэцяга склікання павінна стаць “пляцоўкай для ўзгаднення агульных стратэгій” дэмакратычных сіл, месцам “для дыскусій і кансультацый, для каардынацыі кампаній, для максімальна зладжанага фарміравання бачання новай Беларусі”.

“Спадзяюся, што КР працягне працу па ўмацаванні адзінства дэмакратычнага руху. Упэўненая, што дзейнасць новага складу стане больш публічнай: там будуць падымаць і абмяркоўваць пытанні, якія актуальныя для беларусаў як унутры краіны, так і за яе межамі”, — падкрэсліла палітык.

“Кожнага, хто ўдзельнічаў у выбарах”, яна назвала “сапраўдным героем”. “Я ганаруся вашай адвагай і стойкасцю. Вы паказваеце ўсяму свету, што Беларусь — гэта не толькі рэжым, але і народ, які імкнецца да свабоды і дэмакратыі. Дзякуючы вам упершыню склад Каардынацыйнай рады быў сфарміраваны праз адкрытыя выбары”, — адзначыла Ціханоўская.

На выбарах у КР трэцяга складу, якія прайшлі 25–27 траўня, прагаласавала 6.723 чалавекі. Спіс “Каманда Латушкі і Рух “За свабоду” паказаў найлепшы вынік сярод 11 кааліцый — 2.358 галасоў, 28 мандатаў.

Падзяліцца: