Мінск 02:14

Дзяржваенпрам правёў выпрабаванні ЗРК “Аса” на тэрыторыі замежнага заказчыка

Скрыншот: тэлеграм-канал Дзяржваенпрама

6 чэрвеня, Позірк. Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт паведаміў аб “паспяховых выпрабаваннях” баявых машын 9А33-2Б са складу зенітна-ракетнага комплексу “Аса” на тэрыторыі замежнага заказчыка.

Адзначаецца, што згаданыя баявыя машыны прайшлі мадэрнізацыю на ААТ “2566 завод па рамонце радыёэлектроннага ўзбраення” ў Барысаве (Мінская вобласць).

Машыны здзейснілі “чатырохсоткіламетровы марш і баявую стральбу”, гаворыцца ў паведамленні.

“Усе задачы выкананыя ва ўстаноўленыя тэрміны, — адзначылі ў Дзяржваенпраме. — Паветраныя мэты ўражаныя кожнай баявой машынай першымі ж ракетамі, што ў чарговы раз пацвярджае высокую якасць мадэрнізацыі зенітна-ракетных комплексаў”.

Якая краіна з’яўляецца “замежным заказчыкам”, не ўдакладняецца.

Беларусь “доўгія гады была ў топе сусветных экспарцёраў узбраенняў”, гэтая тэндэнцыя “захоўваецца і цяпер”, “нягледзячы на ўсе так званыя санкцыі і абмежаванні”, заявіў 25 красавіка ў кулуарах Усебеларускага народнага сходу прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.

Якую менавіта і куды пастаўляе зброю Беларусь, колькі грошай гэта прыносіць дзяржаве, чыноўнік не канкрэтызаваў.

Разам з тым, паводле яго слоў, цяпер для афіцыйнага Мінска стала прыярытэтам аснашчэнне ўласных узброеных сіл і іншых фарміраванняў. “Тут мы адчуваем сябе цалкам упэўнена. Хоць на гэта вылучаюцца сур’ёзныя рэсурсы дзяржаўныя, мы разглядаем гэта як пазітыўны працэс у пэўным плане”, — заявіў чыноўнік.

Падзяліцца: