Мінск 13:01

Лукашэнка выдзеліў 1,25 млн рублёў на тэатральную пастаноўку і рэканструкцыю полацкага манастыра

Крыніца: сайт Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра

7 чэрвеня, Позірк. Фонд падтрымкі культуры і мастацтва выдзеліць 1,25 млн рублёў “на рэалізацыю шэрагу культурна значных праектаў”. Адпаведнае распараджэнне падпісаў 7 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

Адзначаецца, што 250 тыс. з названай сумы будзе накіравана Нацыянальнаму акадэмічнаму Вялікаму тэатру оперы і балета для рэалізацыі пастаноўкі “Патэтычны дзённік памяці”. Аснову сюжэту пастаноўкі, як заяўляецца, “складуць нацыянальныя спектаклі оперы і балета XX стагоддзя”, прысвечаныя падзеям Другой сусветнай вайны.

1 млн рублёў будзе выкарыстаны на “асобныя віды рэканструкцыйных работ” Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра ў Полацку (Віцебская вобласць). Сродкі выдзелены да 900-годдзя абіцелі.

У Беларусі дзейнічае некалькі “прэзідэнцкіх фондаў”, сродкамі з якіх Лукашэнка распараджаецца аднаасобна. Фонд па падтрымцы культуры і мастацтва заснаваны ў 1998 годзе. Таксама дзейнічаюць фонд па падтрымцы таленавітай моладзі, фонд па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў і інш.

6 кастрычніка 2023 года Лукашэнка заявіў аб стварэнні “Фонду Першага” для “мэтаў дабрачыннасці”.

Паводле яго слоў задачай арганізацыі стане збор “сродкаў у адным месцы” для аказання “дапамогі тым, хто ў ёй сапраўды мае патрэбу”.

Падзяліцца: