Мінск 20:45

За выбарамі ў самаабвешчанай Паўднёвай Асеціі сочаць назіральнікі з Беларусі — мясцовы ЦВК

Фота: parliamentrso.org

9 чэрвеня, Позірк. “34 міжнародныя назіральнікі будуць сачыць за ходам галасавання на выбарах у парламент рэспублікі. Гэта дэлегацыі з Беларусі, Турцыі, Венгрыі і нашыя калегі з Расійскай Федэрацыі”, — паведаміла агенцтву ТАСС кіраўнік Цэнтрвыбаркама самаабвешчанай Паўднёвай Асеціі Эмілія Гагіева (цытата прыведзена ў арыгінале).

Парламенцкія выбары ў не прызнаным цывілізаванымі дзяржавамі сепаратысцкім утварэнні на тэрыторыі Грузіі праходзяць 9 чэрвеня.

Беларускія дзяржорганы аб удзеле сваіх прадстаўнікоў у мерапрыемстве не паведамляюць.

Назіральнікі на прэзідэнцкіх выбарах у сакавіку гэтага года ў Расіі, якія прадстаўляюць афіцыйны Мінск, наведвалі акупаваныя тэрыторыі Украіны, вынікала з заявы старшыні праўладнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі, намесніка старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Алега Гайдукевіча. Афіцыйна аб гэтым таксама не паведамлялася.

У жніўні мінулага года дзярждарадца кіраўніка Паўднёвай Асеціі Вячаслаў Габозаў у інтэрв’ю РІА “Новости” заяўляў, што рэспубліка хоча ўступіць у Саюзную дзяржаву, таму ёй трэба прызнанне незалежнасці з боку афіцыйнага Мінска.

У пачатку ліпеня мінулага года стала вядома, што тэма магчымага прызнання Беларуссю незалежнасці Паўднёвай Асеціі абмяркоўвалася на паседжанні парламента часткова прызнанай рэспублікі.

Удзел прадстаўнікоў Паўднёвай Асеціі чакаецца ў мерапрыемствах да Дня незалежнасці Беларусі.

5 сакавіка гэтага года міністр замежных спраў Абхазіі Інал Ардзінба, услед за прэзідэнтам Асланам Бжаніяй таксама заявіў аб зацікаўленасці рэспублікі ва ўступленні ў Саюзную дзяржаву. Бжанія 21 лютага гэтага года адзначаў, што Сухумі “гатовы да гэтага”, але неабходна “прайсці пэўны этап, павінны быць падрыхтаваны нарматыўныя акты, і гэтая гісторыя можа заняць прыкладна 5-10 гадоў, гэтак жа, як гісторыя, звязаная з прызнаннем незалежнасці Абхазіі Расіяй”.

Паўднёвая Асеція і Абхазія — самаабвешчаныя дзяржавы на тэрыторыі Грузіі. Іх незалежнасць прызнаюць Расія, Нікарагуа, Венесуэла, Науру і Сірыя. Пасля ўзброенага канфлікту 2008 года, у якім рэспублікі актыўна падтрымала Расія, Тбілісі дэ-факта страціў кантроль над гэтай тэрыторыяй.

Юрыдычна Беларусь не прызнала незалежнасць згаданых рэспублік.

28 верасня 2022 года Аляксандр Лукашэнка пасля працяглага знаходжання ў Сочы і перамоваў з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным раптам наведаў Піцунду і сустрэўся з Бжаніяй. Прэзідэнт Грузіі Саламе Зурабішвілі і МЗС краіны асудзілі гэты крок.

21 лютага 2023 года Лукашэнка прыняў Бжанію ў Мінску. Кіраўнік грузінскай дзяржавы і знешнепалітычнае ведамства зноў раскрытыкавалі беларускія ўлады за такія кантакты ў абход Тбілісі.

Падзяліцца: